У Сянне за правядзенне «пікета ў інтэрнэце» суд аштрафаваў вучня 11 класа. Нават лукашысты схамянуліся, што парушылі працэдуру

Суддзя Сенненскага раённага суда Іна Досава 31 сакавіка за «правядзенне пікета ў інтэрнэце» аштрафавала на 74 рублі непаўналетняга выпускніка сярэдняй школы №2, сябра БРСМ, кандыдата ў майстры спорту па барацьбе ў грэка-рымскім стылі Сцяпана Падрэза. Аднак пастанова была адменена старшынёй Віцебскага абласнога суда, бо парушала банальныя працэдурныя моманты.

06.05.2023 / 18:15

Згодна з адміністрацыйным пратаколам, Сцяпан Падрэз у адкрытым публічным доступе ў альбоме захоўваў фатаграфіі, на якіх былі размешчаныя выявы бела-чырвона-белага сцяга і малюнак з надпісам «ЯМЫ97%», выкананы бела-чырвонымі кветкамі на чорным фоне. Таксама ў яго былі знойдзеныя і іншыя фатаграфіі з БЧБ-сцягам і гербам «Пагоня», піша «Віцебская вясна».

На думку суддзі, малады чалавек «публічна выказаў свае асабістыя погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця, ажыццявіўшы тым самым пікетаванне». Зрабіў ён гэта ў жніўні 2020 года, чамусьці папярэдне не запытаўшы дазволу мясцовых улад.

Суддзя Досава ў найлепшых традыцыях лукашэнкаўскага «правасуддзя» палічыла факт здзяйснення Падрэзам адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч. 1 арт. 24.23 КаАП, устаноўленым, а яго вінаватасць у здзяйсненні гэтага адміністрацыйнага правапарушэння даказанай.

Аднак старшыня Віцебскага абласнога суда Аляксандр Федзюкевіч 18 красавіка адмяніў рашэнне суддзі Досавай, бо яно было прынята з грубым парушэннем патрабаванняў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, бо ў адпаведнасці з арт. 3.5 ПВКаАП справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, учыненых непаўналетнімі, павінна разглядаць камісія па справах непаўналетніх Сенненскага райвыканкама, а не суд.

У найбліжэйшы час справа Сцяпана Падрэза будзе разгледжана членамі гэтай камісіі. Можна прагназаваць, што гэта будзе чыста фармальная працэдура, а пакаранне застанецца ранейшым — максімальны штраф для непаўналетніх у памеры 74 рублі.

Чытайце таксама:

Экс-кіраўніку творчай суполкі «Пагоня» мастаку Генадзю Драздову прысудзілі 3 гады калоніі

71-гадовага пенсіянера Васіля Дземідовіча асудзілі яшчэ да 2,5 года калоніі

Вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай у СІЗА, па новым указанні забаронена перадаваць і дасылаць медыкаменты

Nashaniva.com