«З дыскрымінацыяй сутыкнулася толькі ў прыёмнай камісіі Акадэміі мастацтваў, а так ад гендарнай неадпаведнасці толькі плюсы». Як працуецца ў Беларусі жанчыне-кавалю

«Паглядзі на сябе! Які з цябе каваль?» — так ёй заявілі ў прыёмнай камісіі падчас паступлення на факультэт мастацкай апрацоўкі металу. З тых часоў прайшло 28 гадоў. Сёння Марыя — мастак-скульптар, каваль з багатым досведам працы на аб'ектах у Беларусі і за мяжой. Чаму Марыя выбрала такую прафесію і ці выгадна сёння займацца мастацкім каваннем? Карэспандэнт выдання Myfin.by пагутарыў з беларускай жанчынай-кавалём.

06.05.2023 / 17:00

Фота з асабістага архіва гераіні

Гэта яе каваные вырабы ўпрыгожваюць станцыю метро «Кавальская Слабада», пасольства Ватыкана ў Мінску, храм-помнік у гонар Усіх Святых, мікрараён Новая Баравая. Каваныя вырабы беларускай жанчыны-каваля знаходзяцца ў калекцыях айчынных і замежных музеяў у Літве, Расіі, Украіне, Германіі, Польшчы, Аўстрыі, ЗША.

«Разумела, што іду не туды і не з тымі»

Пасля школы Марыя паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «настаўнік чарчэння і малявання». Але не скончыла ВНУ.

«Трапіла зусім не ў сваё асяроддзе. У асяроддзі дзяўчат-мастачак, будучых настаўнікаў я востра разумела, што іду не туды і не з тымі. Хутчэй за ўсё, адбіваліся дзіцячыя гады ў мужчынскім калектыве. Бо я расла ў сям'і з двума братамі, бацькам і дзядулем. З дзяцінства стваральная ручная праца была заўсёды побач.

На кантрасце, у жаночым калектыве, я дакладна вызначылася, чым хачу займацца. Таму развярнулася на 180 градусаў — вырашыла паступаць у Акадэмію мастацтваў, выбраўшы кірунак — мастацкая апрацоўка металу.

Вядома, бацькі знерваваліся, даведаўшыся, што я кідаю педагагічны ўніверсітэт і іду вучыцца на каваля, але не адгаворвалі. Ведалі, што любыя аргументы будуць бескарыснымі», — успамінае Марыя.

Фота з асабістага архіва гераіні

Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў дзяўчына звярнулася ў раённую адміністрацыю па субсідыю для прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў. Атрымала бязвыплатную дапамогу ў 400 даляраў і заснавала мастацка-вытворчае аб'яднання ТАА «Артаб'ект». Грошай хапіла на куплю вуглашліфавальнай машыны, металу і арэнду кузні.

«Артаб'ект» да гэтага часу праектуе і вырабляе эксклюзіўныя каваныя агароджы, малыя архітэктурныя формы, мэблю, прадметы інтэр'еру. За час працы былі створаныя аб'екты для многіх юрыдычных і прыватных асоб.

«Зменяцца пакаленні, а работы застануцца»

Праца ніколі не ператворыцца ў руціну, апісвае плюсы сваёй прафесіі Марыя.

«Метал — вельмі ўдзячны матэрыял. Хоць уласцівасці металу мне вядомыя ўжо даўно, тым не менш я ўсё яшчэ працягваю адкрываць яго новыя магчымасці. Мне здаецца, што патэнцыял чорнага металу бясконцы, з ім можна працаваць усё жыццё.

Аднак мастацкае каванне прадугледжвае і вялікую адказнасць перад грамадствам ды сабой, — прызнаецца мастачка. — Арт-аб'екты з металу вытрымліваюць мінімум 500 гадоў. Зменяцца пакаленні, а працы застануцца.

Ніхто не ведае, якім будзе грамадства праз паўтысячы гадоў. Таму трэба працаваць з металам, думаючы пра будучыню, пра сваю рэпутацыю. Усведамленне даўгавечнасці работ — гэта моцная матывацыя.

Лічу, што мне пашанцавала: у мяне выдатная праца».

Скульптура на станцыі метро «Кавальская Слабада». Фота з асабістага архіва гераіні

Марыя гаворыць пра сваю працу з лёгкасцю. Аднак кавальская справа лічыцца фізічна цяжкім відам дзейнасці: трэба быць гатовым пераносіць высокія тэмпературы і фізічныя нагрузкі.

«Мы працуем з агнём, са станкамі. З прафесійных захворванняў — праблемы з лёгкімі (пыл пры рэзанні металу) і са слыхам (гучныя гукі). Аднак, выконваючы тэхніку бяспекі, можна пазбегнуць траўматызму і мінімізаваць рызыкі для здароўя. Для гэтага не трэба эканоміць на сродках індывідуальнай абароны, працаваць у слухаўках, запаўняць журналы па тэхніцы бяспекі.

Акрамя таго, пры правільна выбудаваных бізнэс-працэсах жанчыне-кавалю не заўсёды прыйдзецца выконваць цяжкую фізічную працу. Майстэрня можа абзавесціся мужчынамі — наёмнымі супрацоўнікамі або партнёрамі па працы».

Фота з асабістага архіва гераіні

«Самы цікавы і прыгожы этап працы — каванне. Ты кладзеш загатоўку ў горан, награеш да высокай тэмпературы, а затым механічна ўздзейнічаеш на яе малатком або пнеўмамолатам, надаючы форму. Аднак гэтаму працэсу папярэднічае шмат падрыхтоўчых малапрыемных працэдур.

Наступная апрацоўка таксама займае працяглы час і спалучаная з пылам, брудам і сажай. Калісьці мне даводзілася займацца ўсім працэсам ад пачатку да канца. Зараз сама непасрэдна падключаюся толькі на этапе кавання. Усё астатняе робяць мужчыны-кавалі — мае партнёры».

90% працоўнага часу Марыя праводзіць у ноўтбуку — рыхтуе макеты і дызайн. Бо каваль XXI стагоддзя — гэта не толькі чалавек, які ўмее адчуваць метал, але яшчэ і дасведчаны юзэр.

«Кавалі бываюць розныя. Камусьці базавых навыкаў больш чым дастаткова, але гэта не мой выпадак. Пры працы з металам мне даводзіцца выкарыстоўваць дарагія тэхналогіі, такія як, напрыклад, станкі лазернай рэзкі. Зборачныя чарцяжы, раскрой дэталяў, праектаванне — усё гэта робіцца ў праграмным забеспячэнні».

Па словах Марыі, спатрэбяцца і іншыя навыкі. Так, для зносін з замежнымі заказчыкамі неабходна веданне англійскай мовы. Карыснымі будуць анлайн-курсы па прасоўванні брэнду за мяжой.

Фота з асабістага архіва гераіні

Здавалася б, жанчыне-кавалю ў нашай рэальнасці даводзіцца ўвесь час сутыкацца з гендэрнай дыскрымінацыяй. Аднак Марыя кажа, што ніколі не сустракалася з прадузятым стаўленнем з боку заказчыкаў або мужчын-кавалёў. Нават наадварот.

«З дыскрымінацыяй сутыкнулася толькі ў прыёмнай камісіі Акадэміі мастацтваў, калі прыйшла вучыцца на каваля. Мне сказалі: «Паглядзі на сябе! Які з цябе каваль?» — але мяне гэта не спыніла.

Я абсалютна ўпэўненая, што выбар традыцыйна мужчынскай прафесіі прывёў мяне ў пункт поспеху. Гендэрная неадпаведнасць давала мне толькі плюсы. Па-першае, мяне добра запамінаюць, не трэба прадстаўляцца двойчы. Па-другое, многія хочуць эксклюзіўнае «жалеза», выкананае менавіта жанчынай-кавалём.

Фота з асабістага архіва гераіні

«Канкурэнцыі практычна не засталося»

На кавалёў, распавядае Марыя, у Беларусі попыт вялікі, таму што іх «амаль не засталося». Канкурэнцыя ў гэтай сферы невялікая.

«Я больш працую як мастак, а не як вытворца. У мяне як у мастака-каваля канкурэнцыі практычна не засталося. На вялікі жаль, не засталося. Яшчэ некалькі гадоў таму выдатных кавалёў-мастакоў было шмат. Пасля хтосьці з'ехаў, хтосьці з-за ўзросту пакінуў гэты свет».

Ці значыць гэта, што каванне вырабаў пры адсутнасці канкурэнтаў прыносіць добры заробак? Не зусім так.

«Раней да нас паступала шмат заказаў з краін ЕС, у прыватнасці з Нарвегіі. Але цяпер заходнія заказчыкі не могуць перавесці нам грошы, а мы не можам даставіць ім гатовую прадукцыю з металу. Пераарыентавацца на краіны СНД мы не змаглі, паколькі з нашымі цэнамі мы там не канкурэнтаздольныя.

У Расіі і іншых постсавецкіх краінах іншыя эканамічныя ўмовы, нізкая падатковая база або іншы фактар, але мы па цэнах не можам спаборнічаць з іх кавалямі. Таму на дадзеным этапе працуем толькі на рынку Беларусі. Робім каваныя арт-вырабы для ўладальнікаў катэджаў. Акрамя таго, за апошні год я прадала некалькі сваіх скульптур прыватным афіцыйным галерэям Беларусі.

Увогуле рынак каваных вырабаў у Беларусі невялікі. Нацэнка на вырабленую прадукцыю ў нас у найлепшым выпадку 9%. Калі цяпер пачаткоўцу пачынаць гэты бізнэс, то наўрад ці ён прынясе даходы, здольны забяспечыць узровень жыцця хоць бы на сярэднім узроўні.

Галоўная частка выдаткаў — заробкі супрацоўнікам, калі такія маюцца. Жалеза каштуе нядорага — 4 рублі за кілаграм, прывозяць яго з Расеі. Хоць яшчэ нядаўна метал каштаваў адзін даляр за кілаграм, дастаўляўся з Украіны.

На другім месцы ў артыкулах выдаткаў — расходныя матэрыялы для інструментаў: зварачны дрот, газы, крапяжы і інш. У майстэрні няма дарагіх станкоў лазернай рэзкі, таму дадзеная частка працы аддаецца на аўтсорс. Таксама трэба ўлічыць арэнду памяшканняў пад майстэрню.

Фота з асабістага архіва гераіні

Плюсам эксклюзіўнай арт-майстэрні на вузкім рынку з'яўляецца тое, што можна ашчадзіць грошы на прасоўванні.

«З 2010 года «Артаб'ект» наогул не займаўся прасоўваннем паслуг. Заказчыкі самі знаходзілі нас. Дзеля эксперыменту я калісьці падключыла рэкламу, але не заўважыла росту прыходу заказаў. Таму да рэкламы мы больш ніколі не вярталіся», — распавядае Марыя.

А вось і лайфхакі, якім могуць скарыстацца пачаткоўцы мастакі-скульптары, каб знайсці першых кліентаў. Марыі ў гэтым дапамог універсітэцкі нэтворкінг і арэнда памяшкання ў асяроддзі аднадумцаў-прадпрымальнікаў.

«У Акадэміі мастацтваў была кафедра падрыхтоўкі дызайнераў інтэр'еру. Выпускнікі кафедры рэкамендавалі мяне сваім заказчыкам. Так я атрымала першага кліента — вырабіла для яго падстаўку перакіднога календара. Затым нейкі час я арандавала офіс у будынку моладзевай сацыяльнай службы: на яго базе быў створаны інкубатар малога бізнэсу.

Гэты інкубатар прадпрымальніцтва даў мне шмат карысных кантактаў. Завязаліся знаёмствы з праекціроўшчыкамі, дызайнерамі, вытворцамі мэблі, аддзелачнікамі, будаўнічымі кампаніямі».

Цяпер Марыя актыўна рыхтуецца да фестывалю Burning Man. Гэта найбуйнейшы ў свеце фестываль мастацтваў і радыкальнага самавыяўлення, які штогод праходзіць у пустыні Блэк-Рок у Невадзе, ЗША. Працуе над скульптурай, якую павязе на арт-мерапрыемства з наведвальнасцю ў 80 тыс.чалавек.

Чытайце таксама:

«Часам людзі кажуць, што яны дачны дом купілі танней, чым абышлася печка». Прафесійны пячнік расказаў пра тонкасці свайго занятку

«Прыстаю да сабачнікаў на вуліцы». Жанчына з-пад Гомеля ператварыла старажытнае рамяство з хобі ў прафесію

«Адкуль бяру ідэі? Пад нагамі!» У Гомелі школьны настаўнік стварае копіі старажытных замкаў і шмат чаго яшчэ

Nashaniva.com