Адбыліся затрыманні і суды над супрацоўнікамі гомельскага радыё

Праваабаронцам паведамілі, што ўчора, 5 мая, на працоўным месцы затрымалі рэдактара гомельскага радыё і журналіста Сяргея Краснабароду і яшчэ трох супрацоўнікаў радыё — радыёвядучых Жанну Мініну і Настассю Грыцэнка, гукарэжысёра Арцёма Васількова.

06.05.2023 / 13:36

Сяргей Краснабарода. Фота: Onliner

Учора ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля ўсіх чатырох затрыманых судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Іх справы разглядалі суддзі Сяргей Сакалоўскі, Віктар Казачок, Сяргей Кармановіч, Алеся Осіпава.

Праваабаронцам вядомы толькі вынік суда Сяргею Краснабароду — 15 сутак арышту за падпіску на «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал. Ён знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ. Лёс іншых затрыманых пакуль невядомы.

Профілі супрацоўнікаў ужо выдаленыя з сайта дзяржаўнага радыё.

Nashaniva.com