У Магілёве адкрылі памятную дошку савецкаму чэкісту-разведчыку

Чытачы выдання Mogilev.media заўважылі цырымонію адкрыцця мемарыяльнай дошкі чэкісту і разведчыку Льву Маневічу, якога лічаць правобразам Шцірліца. Дошка ўсталяваная на будынку ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта на вуліцы Ленінскай. Ліцэй, як высвятляецца, носіць імя Маневіча.

05.05.2023 / 16:30

Папярэдне ў афіцыйных крыніцах пра адкрыццё дошкі не паведамлялася, а на месцы мерапрыемства былі заўважаныя людзі ў штатскім, якія перашкаджалі некаторым мінакам фатаграфаваць цырымонію і нават выклікалі міліцыю.

Леў Маневіч нарадзіўся ў Чавусах у яўрэйскай сям’і. З маленства ён жыў у Еўропе, але пасля 1917 года вярнуўся на радзіму і стаў служыць у Чырвонай арміі. Як чалавек, які меў вопыт жыцця ў Еўропе і вольна валодаў некалькімі мовамі, ён быў завербаваны ў разведку і адпраўлены для шпіёнскай дзейнасці ў Заходнюю Еўропу. Там Маневіч стварыў разгалінаваную сетку інфарматараў, але быў арыштаваны і на працягу ўсёй Другой сусветнай вайны утрымліваўся ў зняволенні. Ягонае яўрэйскае паходжанне немцам выкрыць не ўдалося.

У 1945 годзе Маневіч быў вызвалены амерыканцамі, але амаль адразу памёр ад туберкулёзу. Некаторыя мяркуюць, што яго асоба стала адным з правобразаў героя раманаў Юліяна Сямёнава — Шцірліца.

Вядома, што ініцыятарам усталявання памятнай дошкі Льву Маневічу выступіла Магілёўскае абласное ўпраўленне КДБ.

Чытайце таксама:

Аршанскія ўлады адмовіліся змяніць рускамоўную частку мемарыяльнай дошкі ў гонар Уладзіміра Караткевіча

У Магілёве збіраюць грошы на помнік расійскаму губернатару

У Магілёве збіраюцца ўсталяваць мемарыяльную шыльду Барысу Маісееву

Nashaniva.com