Прарэктару адной з мінскіх ВНУ далі чатыры гадоў калоніі за хабар

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 29 красавіка вынес прысуд былому прарэктару па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Яго абвінавацілі ў атрыманні хабараў на агульную суму 3000 рублёў. Пра гэта паведамляе прэс-служба суда.

03.05.2023 / 16:00

У матэрыялах суда згадана, што прарэктар дамовіўся з дырэктарамі дзвюх кампаній аб аказанні садзейнічання ў выбары іх у якасці падрадных арганізацый і заключэнні дагавораў будаўнічага падраду з УА «БДУФК» на выкананне будаўніча-мантажных і іншых работ.

За гэта ён прыняў ад дырэктара адной фірмы хабар на агульную суму 2630 рублёў, а ад дырэктара іншай кампаніі — 400 рублёў. Абвінавацілі ўжо былога прарэктара паводле ч. 1 арт.430 і ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару і атрыманне хабару паўторна) КК Беларусі.

Абвінавачаны прызнаў сваю віну ў поўным аб'ёме і заявіў пра чыстасардэчнае раскаянне. Яго прысудзілі да 4 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у даход дзяржавы ў памеры 400 базавых велічынь (14 800 рублёў).

Прысуд суда не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ды апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Пра затрыманне прарэктара стала вядома ў сакавіку.

Чытайце таксама:

Былога начальніка Гомельскага аддзялення БЧ прызналі вінаватым у карупцыі, але пакінулі на волі

У Баранавічах пачаўся суд над былым дырэктарам птушкафабрыкі «Дружба». Працэс закрыты

Стала вядома, куды знік былы дырэктар ААТ «АГАТ — сістэмы кіравання». Яму далі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Nashaniva.com