Зяленскі на наступным тыдні наведае Нямеччыну

Пра падрыхтоўку да візіту паведамілі крыніцы ў сілавых структурах Нямеччыны. Яны рыхтуюцца прыняць борт украінскага лідара 13 мая ў аэрапорце Берліна.

03.05.2023 / 13:56

Уладзімір Зяленскі. Фота: AP

«Прэзідэнт [Украіны] прыедзе ў Нямеччыну на запрашэнне федэральнага прэзідэнта [ФРГ]», — паведамілі крыніцы Bild.

У раёне Патсдамскай плошчы, дзе павінен спыніцца Зяленскі, будуць прынятыя павышаныя меры бяспекі.

14 мая Зяленскага з вайсковымі ўшанаваннямі прыме канцлер ФРГ Олаф Шольц. Па выніках іх перамоў запланавана прэс-канферэнцыя.

Затым украінскі лідар павінен сустрэцца з прэзідэнтам Франк-Вальтэрам Штайнмаерам.

Пасля прэзідэнт Украіны павінен вылецець на верталёце ў Аахен на захадзе краіны, дзе яму ўручаць Міжнародную прэмію імя Карла Вялікага. Пасля гэтага ён вернецца ва Украіну.

Аднак крыніцы Bild у сілавых структурах не выключаюць, што візіт давядзецца адмяніць у самыя кароткія тэрміны праз сітуацыю ва Украіне.

Сёння Уладзімір Зяленскі знаходзіцца з візітам у Фінляндыі.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Уладзімір Зяленскі наведаў пяць замежных краін: ЗША, Польшчу, Вялікабрытанію, Бельгію і Францыю. Прычым першы візіт быў здзейснены толькі ў снежні.

Nashaniva.com