Як цяпер выглядае дарога пад Смалявічамі, дзе ў ДТЗ загінулі 13 пасажыраў маршруткі ФОТА

Як выглядае сумна вядомая дарога Р69, дзе 20 лютага здарылася цяжкае ДТЗ з удзелам маршруткі і МАЗа, паглядзела выданне «Мінская праўда».

02.05.2023 / 13:07

Дарога Р69, дзе 20 лютага здарылася ДТЗ з удзелам маршруткі і МАЗа. Усе фота: «Мінская праўда»

Як піша выданне ў сваім тэлеграм-канале, да месца аварыі і некалькі сотняў метраў пасля дарога адрамантаваная, зроблены ямачны рамонт.

А далей «карціна сумная» — уся дарога ў ямінах.

Здымкі аўтары зрабілі за 21 км ад Смалявічаў, недалёка ад прыпыначнага пункта «Вызваленне». Яны пішуць, што на шляху ўбачылі дарожных рабочых, якія рабілі нейкія замеры.

Аварыя з удзелам маршруткі і гружанага МАЗа здарылася 20 лютага паблізу Смалявічаў. У выніку лабавога сутыкнення загінула 11 чалавек, яшчэ 9 у вельмі цяжкім стане былі шпіталізаваныя ў бальніцы. Пазней двое з іх памерлі. Сярод загінулых былі і дзеці.

Генпракурор Андрэй Швед, распавядаючы пра прычыны здарэння, сказаў журналістам, што «за ўсімі гэтымі трагічнымі абставінамі стаіць цэлы комплекс праблем». Напрыклад, ён назваў перагружанасць маршруткі, адсутнасць тэхагляду ў МАЗа. Але стан дарогі сярод прычынаў ДТЗ ён не адзначыў.

Лукашэнка 24 красавіка даручыў прывесці ўсе дарогі краіны ў належны стан да канца года, «чаго б гэта ні каштавала».

Nashaniva.com