Усіх беларусаў, якія захраслі ў Судане праз узброеныя сутыкненні, эвакуявалі

У Судане падчас вайны мясцовых сілавікоў за ўладу затрымаўся экіпаж беларускага самалёта кампаніі Belcanto Airlines. Пра гэта стала вядома 20 красавіка. Борт быў істотна пашкоджаны. Частку беларусаў удалося эвакуваць раней, цяпер вывезлі астатніх.

01.05.2023 / 22:46

Іл-76ТД Belcanto Airlines. Фота з сайта кампаніі

«Усе 10 грамадзян Беларусі, уключаючы лётчыкаў, якія знаходзіліся ў Судане, вылецелі з Хартума эвакуацыйным рэйсам у Маскву і ўжо перасеклі мяжу Судана», — напісала ў твітары МЗС.

Нагадаем, канфлікт у Судане разразіўся 15 красавіка, калі пачаліся ўзброеныя сутычкі паміж суданскай арміяй і сіламі хуткага рэагавання. У ходзе канфлікту загінулі некалькі дзясяткаў чалавек.

Як паведамляў тэлеграм-канал «МатолькаПамажы», на спадарожнікавых здымках кампаніі Maxar ад 17 красавіка, якія былі зробленыя ў аэрапорце Хартум бачна, што знішчана не менш за 7 самалётаў. Паводле звестак Maxar, усяго знішчана мінімум 14 самалётаў.

Паводле звестак «МатолькаПамажы», адзін з іх — цалкам знішчаны беларускі самалёт, які прыляцеў туды яшчэ 13 красавіка.

Чытайце таксама:

У Судане праз узброеныя сутыкненні захрас экіпаж беларускага самалёта Belcanto Airlines

Спроба вайсковага перавароту ў Судане. Там пачаліся сутыкненні паміж арміяй і «джынамі на конях»

Nashaniva.com