«Іншы б зляпіў, каб аўтамабіль хутчэй паехаў. А я раблю, каб было моцна і прыгожа». Як палескі майстар рэанімуе старую тэхніку

На адну хвалю з жалезам Аляксандр Віктаровіч падсеў яшчэ з дзяцінства, калі круціў ровары і стварыў свой дэльтаплан ды веламабіль. Сёння ён можа рэанімаваць рарытэтны аўтамабіль так, што ён стане цікавейшы за новы, піша «Ганцавіцкі час».

30.04.2023 / 23:23

У гаражы Аляксандра не пахне аўтакасметыкай і ванільнымі араматызатарамі, якія любяць чапляць у салон многія аўтамабілісты. Фота Ірыны Дамарацкай

У аўтамайстра — свой герб

«Кручу жалеза з дзяцінства. Спачатку гэта былі велікі самапальныя і нават дэльтаплан, на якім я ад зямлі адарваўся», — успамінае Аляксандр.

Аляксандр Віктаровіч жыве ў палескім райцэнтры Ганцавічы ў доме, які пабудаваў сваімі рукамі. Ягоная сядзіба прыкметная з дарогі тым, што ўпрыгожаная металічнымі дэталямі.

На ўваходзе ў брамку вісіць фамільны герб з надпісам «V custom», што ў перакладзе з англійскай можна разумець, як «В-традыцыя». Некаторыя мінакі фоткаюцца з фамільным знакам майстра па жалезе.

На вежцы дома ўзвышаецца металічны флюгер, а па сцяне «паўзуць» велічэзныя бляшаныя казуркі. Божая кароўка і жук-насарог выконваюць функцыю агалоўка на вентыляцыйных трубах.

Фота Ірыны Дамарацкай

Падобныя фігуры з бляхі майстар раней ствараў на замову. Дзеля гэтага ён нават адкрываў ІП, а пазней зарэгістраваўся рамеснікам. Але цяпер захапленне кастамайзінгам адпачывае. Майстар кажа, што дэкор пакуль не запатрабаваны. Калі і звяртаюцца знаёмыя па дапамогу, то не дзеля дэкору, а каб залатаць дзірку ў праіржавелым метале.

Таму ў вольны ад добраўпарадкавання дома час, майстар знікае ў гаражы.

Ператварэнне інжынера ў аўтамайстра

Так, гараж больш падобны на майстэрню, дзе Аляксандр прапісаўся пасля сыходу з працы на Ганцавіцкім КПД. На камбінаце панэльнага домабудавання ён прапрацаваў менш за год начальнікам арматурнага цэха.

«У адзін цудоўны дзень я страціў працу, наступіў сабе на горла і сказаў сабе, што не пайду шукаць новую працу, а буду займацца тым, чым я ўсё жыццё хацеў. І ні пра што не шкадую», — кажа Аляксандр Віктаровіч.

Да таго часу ў Аляксандра была не толькі ўніверсітэцкая адукацыя, але і досвед працы ў Расіі, а таксама на будоўлях у Мінску. Але сям'я і будаўніцтва ўласнага дома абавязалі ўстрымацца ад працяглых паездак.

За некалькі гадоў будаўніцтва дома гараж стаў месцам перазагрузкі і адзіноты з улюбёным жалезам.

Сярод першых аўто, на якіх Аляксандр вучыўся рэканструкцыі, былі «Жыгулі» дзявятай мадэлі белага колеру без нумара кузава з невядомым годам выпуску.

«Я тады палез яе рабіць, яшчэ нічога толкам не разумеючы ў гэтым. Многія пачынаюць трэніравацца на сваіх аўтамабілях, а ў мяне нахабства хапіла ўзяцца за чужую машыну. Сваю я рамантаваў дзесьці на чацвёрты год», — успамінае Аляксандр.

Каб зразумець, як рабіць, майстар палез у Youtube, дзе было прачытана безліч усялякай інфармацыі. Адразу глядзеў ролікі на рускай мове. Паступова пераключыўся на амерыканцаў і паглыбіўся глыбей у гэтую справу, хоць і прыйшлося падцягнуць англійскую мову.

Цяпер Аляксандр глядзіць ролікі на Youtube хутчэй як эксперт. Кажа, што важная не толькі тэхналогія, але і інструмент. Калі ён будаваў першы веламабіль, у распараджэнні былі толькі дрыль, свердзел «на восем» і нажоўка па метале.

Старая трохдвёдзерная «Мазда» як улюбёны канструктар. Да яе майстар датыкаецца кожны раз для натхнення. Фота Ірыны Дамарацкай

На думку майстра, тады галоўнае было жаданне. Яму вельмі хацелася працаваць з жалезам і ён дамогся, што хобі стала асноўным заняткам.

«Хтосьці паэт, хтосьці любіць корпацца ў гародзе, але больш часу яны трацяць на іншую працу. Так, яны заробяць грошай, але жыццё пройдзе і не будзе адчування радасці.

Мне таксама было складана сябе ламаць, але я змог сябе перабудаваць так, што ўвесь час прысвяціў любімаму занятку, а гараж стаў маім месцам працы», — кажа Аляксандр.

Не гараж, а майстэрня

У гаражы Аляксандра не пахне аўтакасметыкай і ванільнымі араматызатарамі, якія любяць чапляць у салон многія аўтамабілісты. Сцены прасякнуты пахам аліваў, а інструмент і бляха ляжаць напагатове для завяршэння рамонту чырвонай лайбы 1995 года.

Старая трохвёдзерная «Мазда» як улюбёны канструктар. Да яе майстар датыкаецца кожны раз для натхнення. Спачатку думаў — прыйдзецца трохі ўкласціся, і «тачка» паедзе. Але пры разборцы кузава вылезла столькі праблем, што яна ўжо тры гады стаіць паўразабраная. Майстар мадыфікуе кузаў, і на выхадзе іншамарка будзе шырэйшай на 6-7 сантыметраў.

Для абнаўлення аўто Аляксандр выгінае з бляхі крылы. Фота Ірыны Дамарацкай

Для абнаўлення ён выгінае з бляхі крылы. Кажа, што яшчэ пару гадоў, і яна дакладна «паляціць».

«Гэта занятак для душы і майго самавыяўлення.

Іншы б зляпіў, каб аўтамабіль хутчэй паехаў. А я раблю, каб было моцна і прыгожа.

«Мае» аўтамабілі могуць ездзіць яшчэ дзясяткі гадоў, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост. Можа, я яе прадам, а можа пакіну сабе і буду перафарбоўваць кожны год у колер настрою», — запэўнівае Аляксандр.

У планах у Аляксандра не толькі выпуск на аўтатрасу чырвонай «Мазды», але яшчэ і абнаўленне гаража, а таксама аздабленне фасада дома.

Майстар падзяліўся, што плануе змантаваць на доме сонечны гадзіннік у форме матылька. Засталося толькі разлічыць і ўвасобіць гэта ў жыццё.

Чытайце таксама:

«За 100 000 даляраў можна ўсе машыны прадаць, але я не прадаю». Гродзенец сабраў унікальную калекцыю рэтрааўтамабіляў

Нямецкі рухавік, гідраўліка, плуг у падарунак. Як выглядаюць і колькі каштуюць беларускія трактары-самаробкі 

Жыхар Вілейкі сваімі рукамі сабраў усюдыход, яго назвалі «Бегемотам»

Nashaniva.com