Улады зноў абяцаюць, што працы на даўгабудзе на вул. Маякоўскага ў Мінску адновяцца. Знешні выгляд будынка стане больш сціплым

Узгоднены чарговы перадпраект па даўгабудзе на вул. Маякоўскага, 31, распавялі ў інстытуце «Мінскпраект» «Мінск-Навінам». Заказчыкам цяпер выступіць УКБ Савецкага раёна. Стала вядома, што там будзе і як будзе выглядаць новы будынак. 

27.04.2023 / 12:31

Як нагадвае выданне, першапачаткова на вул. Маякоўскага кампанія «Лада ОМС-інжынерынг» мела намер узвесці шматфункцыянальны грамадска-гандлёва-гатэльны комплекс Novotel Minsk Mayakovskaya.

Работы стартавалі ў 2013 годзе. У будынку планаваўся гатэль французскага аператара, бізнес-цэнтр, гандлёвыя, фізкультурна-аздараўленчыя і іншыя абʼекты.

Пазней планы памяняліся, заказчык агучыў намер пабудаваць на гэтым месцы медцэнтр. Аднак працы спыніліся на пачатковым этапе.

У 2020 годзе ў даўгабуда на Маякоўскага зʼявіўся новы ўладальнік. ТАА «ЦПМ-Цэнтр прафесійнай медыцыны» набыла незавершаны закансерваваны капітальны будынак. Пасля гэтага, як тады паведамлялася, нібыта аднавіліся працы па стварэнні шматфункцыянальнага комплексу з медыцынскім цэнтрам.

Але і гэта спроба скончылася паразаю, прычыны якой не паведамляюць. Цяпер гарадскія ўлады вырашылі разабрацца з даўгабудам самастойна за бюджэтныя сродкі.

Паводле задумы, у комплексе размесціцца адразу некалькі ўстаноў аховы здароўя горада. Сюды пераедзе 10-я стаматалагічная паліклініка, Мінскі гарадскі клінічны эндакрыналагічны цэнтр, які пакуль размяшчаецца на вул. Кісялёва; таксама новую прапіску атрымае Клінічны цэнтр пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі з вул. Багдановіча, 53.

У 2024-м плануюць увесці будынак у эксплуатацыю.

Рэндар 2013 года

Знешні выгляд праекта 10-гадовай даўніны моцна адрозніваецца ад сённяшніх планаў.

Nashaniva.com