Ізраіль святкуе 75 год дзяржаўнасці. 10 падпісантаў Дэкларацыі незалежнасці нарадзіліся ў Беларусі

Сёння ў Ізраілі адзначаюць 75-годдзе незалежнасці. У 1948 годзе першы прэзідэнт Ізраіля Давід Бэн-Гурыён абвясціў незалежнасць краіны. Ураджэнцы Беларусі былі сярод падпісантаў Дэкларацыі незалежнасці Ізраілю, зазначае Радыё Свабода.

26.04.2023 / 11:04

Давід Бэн-Гурыён абвяшчае незалежнасць Ізраіля ў будынку Тэль-Авіўскага мастацкага музея 14 мая 1948 года.

Дэкларацыю незалежнасці Ізраілю падпісалі 37 чалавек: 9 з іх нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Украіны, 7 — Польшчы, 3 — Малдовы, па 2 — Нямеччыны і Літвы і па 1 — Венгрыі, Даніі, Іемена і Палесціны (у складзе Асманскай імперыі). А найбольш падпісантаў — 10 — паходзяць з Беларусі:

Эліягу Берлін (1866, Магілёў — 1959, Тэль Авіў). Грамадскі і палітычны дзеяч, скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Удзельнік Першага сіянісцкага кангрэсу. Пераехаў у Палесціну ў 1907 годзе.

Эліягу Добкін (1898, Бабруйск — 1976, Тэль Авіў). Адзін з лідараў руху рабочых сіяністаў. Вучыўся ў Харкаве, пасля Першай сусветнай вайны перабраўся ў Беласток. У 1932 годзе эміграваў у падмандатную Палесціну. Падчас Другой сусветнай вайны арганізоўваў нелегальную іміграцыю еўрапейскіх габрэяў у Палесціну. Заснавальнік Музея Ізраіля.

Зэеў Голд (1889, Шчучын, — 1956, Іерусалім). Рабін у восьмым пакаленні. У 1907 эміграваў у ЗША, дзе быў адным з піянераў артадаксальнага юдаізму. У 1935 годзе эміграваў у Палестыну.

Эліэзэр Каплан (1891, Менск — 1952, Тэль Авіў). Палітык, сіянісцкі актывіст. Скончыў Маскоўскі палітэхнічны інстытут. Удзельнік дэлегацыі УНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі. У 1920 годзе іміграваў у Палесціну. Пасля абвяшчэння незалежнасці займаў пасты міністра фінансаў, міністра гандлю і прамысловасці, у 1952 быў віцэ-прэм’ерам Ізраіля.

Аўрам Кацнэльсон (1888, Бабруйск — 1956). Вучыўся ў Маскоўскім і Пецярбургскім універсітэтах, доктар медыцыны. Падчас Першай сусветнай вайны — лекар у расейскім войску. З 1924 году ў Палесціне. Пасля абвяшчэння незалежнасці — на дыпламатычнай працы ў ААН, Швецыі.

Мошэ Коль (1911, Пінск — 1989). Палітык, сіянісцкі актывіст. Іміграваў у Палесціну ў 1932 годзе. У 1960-70-х гадах займаў пасады міністра турызму і міністра развіцця. Аўтар некалькіх кніг пра ізраільскую знешнюю і ўнутраную палітыку.

Мошэ Давід Рэмэз (1889, Копысь — 1951, Іерусалім). Палітычны і дзяржаўны дзеяч. Пераехаў у асманскую Палесціну ў 1913 годзе. За часы брытанскага мандата адзін з заснавальнікаў левай партыі Мапай, лідар прафсаюзнага руху. Пасля абвяшчэння незалежнасці займаў пасады міністра транспарту, пасля міністра адукацыі. Пісаў артыкулы і вершы, увёў у сучасны іўрыт нямала новых словаў і выразаў.

Хаім Мошэ Шапіра (1902, Горадня — 1970). Палітычны і дзяржаўны дзеяч, палітычны лідар рэлігійнага сіянізму. Пасля Першай сусветнай вайны жыў у Коўне, Вільні, Варшаве, Берліне. У 1925 годзе іміграваў у Палесціну. У 1938 годзе быў накіраваны з місіяй ратавання габрэяў Аўстрыі пасля Аншлюсу. Пасля абвяшчэння незалежнасці займаў пасады міністра аховы здароўя, міністра ўнутраных справаў, міністра ў справах рэлігіі.

Зэрах Варгафтыг (1906, Ваўкавыск — 2002). Юрыст, палітык і рабін. Скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. З пачаткам Другой сусветнай вайны ўцёк з Польшчы ў Літву. Падчас вайны разам з японскім віцэ-консулам у Літве Сугіхарам арганізаваў выдачу габрэйскім уцекачам візаў для праезду праз СССР і Японію на востраў Кюрасао, усяго было выдадзена 1600 візаў і ўратавана шмат жыццяў. Іміграваў у падмандатную Палесціну ў 1947 годзе. Адзін з заснавальнікаў Універсітэта Бар-Ілана.

Арон Цызлінг (1901, Нарачэвічы, Мінская губэрня — 1964, Эйн-Харод). Грамадскі і палітычны дзеяч. У 1914 годзе пераехаў з сям’ёй у Палесціну. У 1930-х гадах актывіст моладзевага руху, які займаўся ратаваннем габрэйскай моладзі ад нацыстаў. Пасля абвяшчэння незалежнасці быў першым міністрам сельскай гаспадаркі Ізраілю.

З Беларусі паходзіць і шмат іншых ізраільскіх дзяржаўных, палітычных і грамадскіх дзеячоў, у тым ліку тры прэзідэнты —​ Хаім Вэйцман (першы, 1949-1952), Залман Шазар (трэці, 1963-1973) і Шымон Пэрэс (дзявяты, 2007-2014).

Лукашэнка прапанаваў Ізраілю аднавіць авіязлучэнне

Ізраіль адмяніў экстранную рэпатрыяцыю для беларусаў і расіян

Nashaniva.com