Вось якія кавярні сталі самымі распаўсюджанымі ў Беларусі

За год гэта сетка адкрыла 18 новых кропак.

25.04.2023 / 17:21

Фота: pixabay.com

Па выніках мінулага года Беларусь займала 31-е месца ў Еўропе па колькасці брэндаваных кавярняў. Цяпер у нашай краіне працуе 98 кропак, з якіх 74 спецыялізуюцца менавіта на каве, астатнія арыентаваныя на ежу. Такія даныя ўтрымліваюцца ў даследаванні інфармацыйнай платформы Allegra Project Café Europe 2023, піша Office Life.

Па даных экспертаў, у мінулым годзе кававы сегмент у Беларусі паказаў рост у 1,4%, але пры гэтым агульная колькасць брэндаваных кропак не змянілася.

Рост дасягнуты ў асноўным дзякуючы развіццю міжнароднай сеткі Cofix, якая павялічыла сваю прысутнасць на рынку Беларусі да 47 пунктаў. Цяпер Cofix займае 48% рынку. У планах сеткі — нарасціць колькасць кропак да канца 2023 года да 50.

Брэнд Cofix з'явіўся ў Ізраілі ў 2013 годзе, на міжнародны рынак сетка выйшла ў 2016-м, адкрыўшы кропку ў Расіі. У Беларусі першыя кавярні гэтай сеткі запрацавалі ў 2019 годзе.

Таксама ў тройку ўвайшлі дзве беларускія кававыя сеткі — Paragraph і Smile Coffee (па 9,2% рынку ў кожнай). Астатнюю долю дзеляць некалькі расійскіх сетак і італьянская Lavazza.

Хто дзеліць рынак кавярняў у Беларусі, вынікі даследавання. Скрыншот Office Life

Даследаванне не ўключае ў сябе беларускую сетку Hotfix, у якую ўваходзіць каля 20 кропак. Кампанія развівае сетку кавярняў з фіксаванымі цэнамі і планавала актыўна займаць расійскі рынак, аднак з прасоўваннем там узніклі праблемы.

Nashaniva.com