Кліматычныя актывісты ў Берліне заблакавалі дарогу, па якой ехала хуткая. А пасля гэтага абвінавацілі ўлады ў правакацыі

Напярэдадні, 24 красавіка, кліматычныя актывісты руху «Апошняе пакаленне» правялі чарговую акцыю ў нямецкай сталіцы: пратэстоўцы прыклеілі сябе да дарожнага палатна адразу ў 30 розных месцах, піша Bild.

25.04.2023 / 15:23

Пасля гэтага ў Берліне паўсталі сур'ёзныя заторы: на адну з фатаграфій трапіла карэта хуткай дапамогі, якая не магла праехаць праз затор на дарозе.

Па словах відавочцаў, кіроўца хуткай дапамогі спрабаваў аб'ехаць затор і сігналіў кліматычным актывістам, каб тыя сышлі з дарогі, аднак яго праігнаравалі. Пасля прадстаўнікі «Апошняга пакалення» заявілі, што насамрэч хуткая дапамога нібыта не ехала на выклік, а спецыяльна дзяжурыла там напярэдадні іх акцыі.

Улады Берліна абверглі гэтае сцвярджэнне: па даных чыноўнікаў, карэта хуткай дапамогі ехала на тэрміновы выклік у густанаселены раён горада Шэнеберг. У выніку, калі медыкі апынуліся заторы, выклік перадалі іншай машыне.

Агулам, паводле звестак уладаў, за ўвесь час пратэсты кліматычных актывістаў стварылі праблемы як мінімум для 15-ці карэт хуткай дапамогі.

Nashaniva.com