Лён — суперфуд

Гэтая расліна здаўна акультураная людзьмі. З яе выраблялі валокны і алей. Першыя згадкі пра выкарыстанне лёну ў лячэбных мэтах адносяцца да VI стагоддзя. У апошні час насенне лёну заваёўвае больш і больш прыхільнікаў. Распавядаем, у чым карысць і як яго ўжываць.

24.04.2023 / 09:05

Чым багатае насенне лёну

Карысць насення лёну абумоўленая наяўнасцю ў ім шэрагу вітамінаў, сярод якіх Е, С, вітаміны групы В. Лён з'яўляецца крыніцай такіх мінералаў, як кальцый, магній, фосфар, медзь і цынк. У ім высокае ўтрыманне амега-3 кіслот.

У насенні прысутнічаюць як растваральныя (камедзь, пекцін) так і нерастваральныя (цэлюлоза, лігнін) харчовыя валокны.

Акрамя гэтага насенне — крыніца бялку. Па гэтаму паказчыку яго можна параўнаць з насеннем соі. Лён багаты на лігнаны, якія зʼяўляюцца антыаксідантамі і валодаюць эстрагеннай актыўнасцю.

Лекавыя ўласцівасці льнянога алею

Яшчэ ў старажытнасці нашы продкі выкарыстоўвалі алей з лёну для лячэння язвы страўніка і пякоткі.

Сёння насенне лёну дактары рэкамендуюць уключаць у рацыён людзям з парушэннем палавых гармонаў. Дзякуючы лігнанам лён дапамагае рэгуляваць канцэнтрацыю эстрагенаў. Існуе меркаванне, што дзякуючы гэтай уласцівасці, насенне лёну варта прымяняць пры прафілактыцы гарманальна залежных відаў раку (напрыклад, раку грудзей ці яечнікаў).

Насенне лёну дапаможа палегчыць сімптомы падчас менапаўзы і постменапаўзы. Яго рэкамендуюць людзям, якія дрэнна пераносяць замяшчальную гарманальную тэрапію. Лігнаны абараняюць ад развіцця астэапарозу пасля менапаўзы.

Прафілактыцы раку садзейнічаюць таксама антыаксіданты, на якія багатае льняное насенне. Дабратворны эфект заўважны і ў хворых.

Даследаванні на жывёлах паказалі, што дабаўленне насення ў рацыён зніжае рост ракавых пухлін. Яно ж узмацняла дабратворны эфект лячэння прэпаратамі. Найбольшая эфектыўнасць (у дадатак да гарманальна залежных відаў раку) заўважаная ў хворых на рак прамой кішкі і падстраўнікавай залозы.

Вучоныя даказалі станоўчы ўплыў насення лёну пры прафілактыцы цукровага дыябету. Прыняцце 10 грамаў змолатага насення нашча прыводзіць да значнага зніжэння ўзроўню глюкозы ў крыві.

Дабаўленне насення ў ежу дапаможа ў змаганні з лішнімі кілаграмамі. Дзякуючы лептыну, які ўтрымліваецца ў насенні, зніжаецца апетыт. А дзякуючы высокаму ўтрыманню клятчаткі, лён падтрымлівае правільную працу кішэчніка.

Насенне рэкамендуецца ў першую чаргу людзям, якія церпяць на запоры, а таксама тым, хто мае сіндром раздражнёнага кішэчніка.

А дзякуючы таму, што насенне пры ўзаемадзеянні з вадой утварае слізь, якая валодае покрыўнымі ўласцівасцямі, настой з насення пры прыёме ўнутр абвалачэ сцэнкі страўніка і абароніць яго ад шкоднага ўздзеяння антыбіётыкаў, а таксама дапаможа пры лячэнні сістэмы стрававання.

Вучоныя заўважылі карыснае ўздзеянне лёну ў прафілактыцы сардэчных захворванняў, зніжэнні рызыкі першага і другога інфаркту міякарда, павышанага ціску.

Дзякуючы амага-3 кіслотам, льняное насенне раяць ужываць пры высокім узроўні халестэрыну. Яно зніжае рызыку развіцця ішэмічнай хваробы сэрца, паляпшае зрок, эластычнасць мышц і трываласць сасудаў.

Спосабы ўжывання насення лёну і льнянога алею

Насенне лёну можна есці сырым ці абсмажаным. У гэтым выпадку яго лепш запіць якой-небудзь вадкасцю каб папярэдзіць уздуцце жывата.

Насенне змешваюць з ёгуртам, пасыпаюць бутэрброды ці дабаўляюць у салат, фарш для катлет.

Трэба, аднак, ведаць, што лепш спажываць насенне цэлым. Здробненае хутка акісляецца і траціць свае харчовыя каштоўнасці.

Распаўсюджанай практыкай зʼяўляецца гатаванне настою. Для гэтага дзве чайныя лыжкі насення заліваюць шклянкай (250 мл) вады і затым 10 хвілін кіпяцяць. Атрыманы адвар рэкамендуюць піць перад сном на працягу 2-3 тыдняў.

Льняны алей ужываюць халодным, бо ад уздзеяння тэмпературы ён траціць свае пажыўныя якасці. Можна яго змяшаць з дробна нарэзанай цыбуляй ці часныком. Такую сумесь можна ўжываць з тварагом, дадаваць у салаты або запраўкі да іх.

Дактары рэкамендуюць за адзін раз ужываць не болей за дзве чайныя лыжкі насення. Дзённая норма не павінна перавышаць чвэрці шклянкі.

Каму нельга есці насенне лёну і льняны алей

Да ўжывання насення лёну трэба падыходзіць асцярожна цяжарным і тым, хто корміць грудным малаком, жанчынам, людзям, якія пакутуюць ад непраходнасці кішэчніка, тым, у каго парушанае згусанне крыві, ці тым, хто прымае прэпараты для разрэджвання крыві, хворым на цукроўку, а таксама тым, хто мае паніжаны крывяны ціск.

Чытайце яшчэ:

Абразаеце сад? Не спяшайцеся выкідаць галінкі дрэваў і кустоў. Яны могуць дапамагчы пры розных хваробах

Крапіва, медуніца, макрыца ды іншае пустазелле, якое ўзбагаціць ваш стол

Чуфа: гэты земляны арэх выдатна расце ў беларускіх умовах. Пасадзіце, і вам спадабаецца 

Фізаліс, ці Залатая ягада. Пачніце вырошчваць, і не пашкадуеце

Nashaniva.com