Андрэю Пачобуту — 50. Пра нязломнага журналіста, якога спрабуе вытаргаваць Лукашэнка, згадваюць калегі 

Сёння за кратамі гродзенскай турмы №1 адзначае сваё 50-годдзе журналіст, актывіст Саюза палякаў Андрэй Пачобут. Сумны паварот лёсу: журналіст сядзіць у той жа турме, пра вязняў якой многа пісаў. З нагоды юбілею пра Андрэя расказваюць калегі і разважаюць, чаму для Лукашэнкі ён стаў косткай у горле.

16.04.2023 / 12:35

Андрэй Пачобут. Фота: sb.by

«Праўда ў яго не выбарачная»

Журналіст Rzeczpospolita Руслан Шошын ведае калегу даўно. 

«Я пазнаёміўся з Пачобутам больш за 10 гадоў таму ў Гродне. У той час я супрацоўнічаў з польскім тэлебачаннем Polsat, і мы здымалі дакументальны фільм пра тое, як жывуць палякі ў Беларусі. Даведаўшыся, адкуль я паходжу, Андрэй пачаў распавядаць пра аднаго з кіраўнікоў Арміі Краёвай на Віленшчыне, пра тое, як бальшавікі падманам раззброілі польскіх партызанаў пад яго кіраўніцтвам і расстралялі пад Мядзелам. Маўляў, вось яны якія, камуністы, нельга ім верыць, — распавядае Руслан Шошын.

— Андрэй добра ведае гісторыю, прозвішчы, падзеі, даты. І быў моцна перакананы, што сёння чалавек таксама можа бараніць сваю праўду, мову і культуру. Гэта ён і рабіў на працягу многіх гадоў у сваіх публікацыях і сваёй актыўнай дзейнасцю ў Саюзе палякаў.

Андрэй Пачобут. Фота: сацыяльныя сеткі

І што асабліва заслугоўвае пашаны, праўда ў яго не была выбарачная. Ён не баяўся крытыкаваць Лукашэнку, але калі яму не падабаліся дзеянні Варшавы, ён таксама мне прама пра гэта казаў.

Андрэй — змагар, змагар за праўду. На яго месцы не шмат хто адмовіўся б выехаць у Польшчу і вырашыў бы застацца ў турме».

«Пачобут сядзіць у гродзенскай турме, пра вязняў якой многа пісаў»

Галоўны рэдактар медыя MOST Руслан Кулевіч найперш раскрывае асобу Андрэя Пачобута як выбітнага краязнаўцу. Прынамсі, менавіта краязнаўчыя пошукі звялі двух журналістаў.

«Памятаю, неяк запісваў жыхарку Гродна, якая расказвала пра пасляваенныя расстрэлы, калі з гродзенскай турмы вывозілі людзей. Не выключана, што сярод расстраляных былі і беларусы, і палякі, і літоўцы. Андрэй папрасіў мяне пазнаёміць яго з гэтай жанчынай — ён вельмі зацікавіўся гэтай старонкай невядомай гісторыі нашага горада, і мы разам пачалі шукаць месца расстрэлаў.

Андрэя вельмі цікавіла даваенная гісторыя Гродна (1920—30-ыя гады) і пасляваенны перыяд, дзейнасць Арміі Краёвай. Мы досыць многа гаварылі на гэтыя тэмы, памятаю, як ён мне расказваў пра яўрэйскі пагром у Гродне 1935 года, расказваў, як праходзіў судовы працэс, як пачалася бойня», — згадвае Руслан Кулевіч.

Андрэй Пачобут яго кансультаваў па міжваенным перыядзе Гродна, падказваў герояў для кнігі.

«Я заканчваў сваю другую кнігу «Горад адзін — успаміны розныя», дык Андрэй даў мне кантакт апошняга абаронцы Гродна 1939 года. І я паехаў у польскую Саколку на ровары, запісаў інтэрв’ю з тым 95-гадовым чавекам — гэтая гісторыя моцна ўпрыгожыла кнігу», — згадвае Руслан Кулевіч.

У гісторыі Андрэя Пачобута ёсць сімвалізм. Ён шмат пісаў пра ранейшых вязняў гродзенскай турмы, дзе цяпер сам знаходзіцца.

«Думаю, Андрэй адчувае нешта падобнае, як і тыя, хто трапляў у турму ў 1939 годзе, калі ў Гродна прыйшлі камуністы», — рэзюмуе Руслан Кулевіч.

«Ведае ўсё, што адбываецца ў Гродне»

Андрэй Пачобут доўгі час быў сябрам камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў і прадстаўніком БАЖ у Гродне. 

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ, ведае Пачобута з часоў працы карэспандэнтам «Радыё Рацыя»:

«Радыё Рацыя» заўсёды была звязана з Гроднам. Андрэй вельмі дасведчаны і адукаваны чалавек у розных галінах, ён заўсёды ведаў усё, што адбываецца ў Гродне, захапляльна расказваў легенды». 

Асабіста яны пазнаёміліся падчас мінулай крымінальнай справы супраць Пачобута.

«Сябрую з Андрэем, разам бывалі ў многіх паездках. Чалавек-энцыклапедыя, так і сыпле фактамі, выдатна арыентуецца ў гісторыі», — кажа Барыс Гарэцкі.

Намеснік старшыні БАЖ адзначае, што, на жаль, 2020 год не абышоў калегу бокам.

«Часта званю ягонай жонцы Аксане, якая вельмі годна паводзіць сябе, не здалася.

Бывае, у роспачы пытаюся: што рабіць? А яна ў адказ: усё будзе добра, мы ўжо былі ў такой сітуацыі. Шчыра захапляюся і Андрэем, і ягонай сям’ёй», — кажа Барыс Гарэцкі.

Чаму Пачобут стаў косткай у горле рэжыму?

Руслан Шошын разважае, што для Лукашэнкі Пачобут — адзін з галоўных закладнікаў, бо ў Варшаве пытанне вызвалення Пачобута — прыярытэт у адносінах з Беларуссю.

«Дыктатар прама прызнаўся, што ставіцца да яго як да закладніка падчас сваёй прамовы. Гаворка тут не пра перадачу Паўла Латушкі і іншыя лозунгі прапаганды.

Андрэй Пачобут на судзе. Фота: БелТА

У Мінску добра ведаюць, што Пачобут — гэта сёння адзіная карта ў руках рэжыму ў адносінах з Варшавай. За яго вызваленне могуць папрасіць вызваліць, напрыклад, арыштаваных шпіёнаў рэжыму альбо папросяць зняць частку санкцый. І, бадай, самае галоўнае для рэжыму тое, што з-за Пачобута Варшава захоўвае канал камунікацыі з Мінскам. Бо ў іншым выпадку даўно не было б пра што гаварыць», — кажа Руслан Шошын.

Улады вельмі хацелі б, каб Пачобут прызнаў сваю віну яшчэ падчас папярэдняга следства, мяркуе Барыс Гарэцкі.

«Каб паказаць усім: вось глядзіце, палякі сапраўды рыхтавалі каляровую рэвалюцыю ў Беларусі, рыхтавалі «баевікоў». Вось толькі натыкнуліся на нечуваную прынцыповасць Андрэя, які аказаўся сапраўдны крэмень, які не прызнае віны, якой няма. Андрэй хоць і паляк, але лічыць Беларусь сваёй радзімай, пакідаць якую наадрэз адмовіўся.

Для Польшчы сітуацыя вакол Андрэя Пачобута — прынцыповае пытанне: літаральна тыдзень назад святочны нумар да Вялікадня Gazeta Wyborcza выйшаў з партрэтам Андрэя. Перамога Украіны і вызваленне Пачобута — вось велікоднае пажаданне Польшчы.

Таму і Лукашэнка вырашыў зрабіць з гэтага прынцыповае пытанне: яму трэба нахіліць Пачобута. Аднак той, нават калі захварэў на каранавірус за кратамі, не скарыстаўся прапановай пакаяння», — заўважае Гарэцкі. 

***

Даведка. Андрэй Пачобут нарадзіўся 16 красавіка 1973 года ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобласці. Скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1998), працаваў выкладчыкам, а з 2002 года стаў займацца журналістыкай. 

У 1993 годзе разам з братам Стасам заснаваў панк-рок гурт Deviation.

З 2006 года з’яўляецца карэспандэнтам польскага выдання Gazeta Wyborcza, сябра Саюза палякаў Беларусі.

Затрыманы 25 сакавіка 2021 года. Гродзенскі абласны суд 8 лютага 2023 года асудзіў журналіста да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па двух артыкулах КК: 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і 130 (распальванне варожасці ці варажнечы).

4 кастрычніка 2022 года КДБ дадаў журналіста ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Знаходзіцца ў турме № 1 Гродна.

Трэба нагадаць, што 5 ліпеня 2011 года Андрэй Пачобут быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады, суд апраўдаў журналіста па артыкуле за абразу Лукашэнкі, але прызнаў вінаватым у паклёпе. У той жа дзень яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Летам 2012 года на Пачобута была заведзена яшчэ адна крымінальная справа (паўторнае абвінавачанне ў паклёпе на Лукашэнку). 30 чэрвеня 2012 года яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, а 15 сакавіка 2013 года крымінальная справа супраць журналіста была закрыта за адсутнасцю саставу злачынства.

Чытайце таксама:

Васкрасенскі распавёў, як сустракаўся з Пачобутам дзеля яго вызвалення

«Калі Пачобута адпусцяць заўтра, то пераход у «Баброўніках» будзе адкрыты паслязаўтра», — кіраўнік МУС Польшчы

Андрэй Пачобут з-за кратаў: Прыклад вязняў 1940-х дае сілы

Андрэя Пачобута вінавацяць у тым, што ён лічыць падзеі 17 верасня 1939 года «савецкай агрэсіяй»

Rzeczpospolita: Андрэя Пачобута месяц трымалі ў камеры для смяротнікаў

Nashaniva.com