Дзяржава адмовілася фінансаваць экспазіцыю ў Гальшанскім замку і параіла прыцягваць пазабюджэтныя сродкі

Праекціроўшчык і рэстаўратар Ігар Раханскі, які раней кіраваў стварэннем праекта кансервацыі з элементамі рэканструкцыі паўночна-ўсходняга і паўночна-заходняга карпусоў Гальшанскага замка, атрымаў ліст з Міністэрства культуры адносна стварэння на руінах замка музейнай экспазіцыі. Ствараць яе, як лічаць у ведамстве, «мэтазгодна за кошт пазабюджэтных сродкаў», на падтрымку з бюджэту разлічваць не выпадае.

13.04.2023 / 22:35

Фота дакумента, атрыманага з Міністэрства культуры і падпісанага намеснікам міністра Сяргеем Саракачам, Раханскі размясціў у сябе на старонцы.

«Работы, якія выконваюцца за кошт бюджэтных сродкаў у рамках аб’екта «Кансервацыя з фрагментарнай рэстаўрацыяй і выкарыстаннем руін былога замка Сапегі з фрагментамі абарончых збудаванняў у аг. Гальшаны Ашмянскага раёна»,

у першую чаргу павінны быць накіраваныя на забеспячэнне захаванасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і прадухіленне яе далейшага разбурэння. З улікам выкладзенага лічым мэтазгодным працы па стварэнні музейнай экспазіцыі ў паўночна-ўсходнім корпусе выконваць за кошт пазабюджэтных сродкаў», — сказана ў лісце.

«Сістэма нормаў настроена так, што музейная экспазіцыя ў карпусах замка не праходзіць узгадненні і экспертызу», — пракаментаваў Раханскі гэты ліст на сваёй старонцы.

Чытайце таксама:

У Ружанах аднаўляюць капліцу святога Казіміра

Як выглядае сядзіба Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы, дзе праходзіць рэканструкцыя

На Шчучыншчыне пачалася рэстаўрацыя Маламажэйкаўскай царквы ў Мураванцы

Nashaniva.com