Лукашэнка ўзнагародзіў суддзяў. Адна з іх ліквідавала Беларускі Хельсінскі камітэт, другая — адмовіла ў скарзе Бабарыкі на ЦВК 

Суддзям Вярхоўнага суда ўручылі медалі і падзякі ад Лукашэнкі.

10.04.2023 / 19:04

Суддзя Ганна Сакалоўская. Фота: pac.by 

Указ і распараджэнне аб узнагароджанні суддзяў Вярхоўнага суда Аляксандр Лукашэнка падпісаў 10 красавіка, піша прэс-служба палітыка. 

Суддзі Вярхоўнага суда Таццяна Праташчык, Валянціна Крывая, Ганна Сакалоўская, Ірына Тылец, Іна Цысік і Аляксей Цяцюхін ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», Пётр Лістраценка, Аляксей Рыбакоў і Андрэй Яфрэмаў — «За бездакорную службу» III ступені.

Званне заслужанага юрыста Беларусі прысвоена суддзі Валянціне Кулік.

Суддзям Андрэю Алешчанку і Фёдару Чубкаўцу аб'яўлена падзяка Лукашэнкі. 

Ганна Сакалоўская вядомая тым, што спрычынілася да ліквідацыі грамадскіх арганізацый — Беларускага ПЭНа, Беларускага Хельсінскага камітэта.

Яна ж у 2020-м адмовіла Валерыю Цапкале ў скарзе на адмову ў рэгістрацыі яго кандыдатам на выбарах. Яна трапіла ў пяты санкцыйны пакет ЕС, які быў ўведзены ў снежні 2021 года.

Суддзя Валянціна Кулік

У гэты ж санкцыйны спіс трапіла суддзя Валянціна Кулік. У перадвыбарчую кампанію яна адхіліла скаргу Віктара Бабарыкі, на адмову зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты. А ў 2003 годзе, напрыклад, яна разглядала справу аб ліквідацыі праваабарончага цэнтра «Вясна».

Nashaniva.com