Праз тры гады пасля выбараў у Беларусь рызыкнуў прыехаць прыяцель Бабарыкі і «назіральнік ад «Газпрама» Аляксандр Мяшкоў

Аляксандр Мяшкоў прыехаў на радзіму пасля доўгага перыяду, калі ён на гістарычнай радзіме не бываў. Той перыяд пачаўся з прэзідэнцкіх выбараў — 2020. Мяркуючы па сацыялагічных апытаннях, на тых выбарах безумоўным фаварытам грамадства быў кіраўнік Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка, якога з Аляксандрам Мяшковым звязвалі персанальныя і працоўныя сувязі. 

06.04.2023 / 20:41

Аляксандр Мяшкоў. Фота: by.tribuna.com

Аляксандр Мяшкоў — адзін з двух сыноў знакамітага гандбольнага трэнера Анатоля Мяшкова, у гонар якога названы брэсцкі гандбольны клуб.

Сам Анатоль Мяшкоў нарадзіўся ў Касцюковіцкім раёне, але потым пераехаў у Брэст, дзе ў яго нарадзілася двое сыноў. 

Адзін з іх, Сяргей, зрабіў кар'еру ў расійскіх сілавых структурах, другі, Аляксандр, — у «Газпраме». 

Сяргей Мяшкоў даслужыўся да дарадцы кіраўніка «Газпрама» Аляксея Мілера, намесніка кіраўніка апарата «Газпрама» і кіраўніка назіральнай рады «Газпрам трансгаз Беларусь».

Прасцей кажучы, Аляксандр Мяшкоў апошні час назіраў за газпрамаўскімі справамі ў Беларусі. 

Галоўны актыў «Газпрама» ў Беларусі — гэта газавая труба, якую Лукашэнка прадаў расіянам. 

А грошы газпрамаўскіх структур у Беларусі, галоўная з якіх — «Газпрам трансгаз Беларусь», ляжаць і заўсёды ляжалі ў Белгазпрамбанку, якім кіраваў Віктар Бабарыка

Два менеджары часта сутыкаліся ў працоўных справах, а таксама ў моманты адпачынку. Людзі расказвалі «Нашай Ніве», што Бабарыка з Мяшковым неаднойчы арганізоўвалі адпачынак топам «Газпрама» ў Белавежскай пушчы. 

«Адносіны ў іх былі нармальныя. На маю думку, Бабарыка, наколькі я Бабарыку ведаю, сам прыняў самае галоўнае рашэнне ў сваім жыцці. Але і тое, што, пры гэтым, ён мог спытаць меркаванне Мяшкова, таксама нельга выключаць, — сказаў «Нашай Ніве» адзін з беларускіх банкіраў. — Мяшкоў жа гэта прадстаўнік тых уплывовых колаў у Расіі, якія на дух не пераносяць Лукашэнку, бо не лічаць яго роўным сабе».

Выпадковасць ці не, але з моманту выбараў 2020 года Аляксандр Мяшкоў, які рэгулярна да таго прыязджаў у Брэст на дні народзінаў сваякоў, а таксама каб праверыць справы гандбольнага клуба, перастаў з'яўляцца ў Беларусі. 

«Справы гандбольнага клуба ў фінансавым плане таксама пайшлі не вельмі. Наколькі мне вядома, фінансаванне па ўсіх лініях там вельмі скарацілася, што ўскосна магло сведчыць пра нейкую крыўду Лукашэнкі на Мяшкова. Сувязь з 2020-м для мяне тут несумненная», — дадае наш суразмовец. 

Але нешта змянілася. Як вядома «Нашай Ніве», не больш як месяц таму Аляксандр Мяшкоў, нарэшце, з'явіўся ў Беларусі на кароткі час. 

Паралельна з гэтым у Беларусі разгортваецца «справа «Газпрам трансгаза». 

Справа «Газпрам-Трансгаза» разрастаецца: крыніцы кажуць пра сотню затрыманых і распіл расійскіх маштабаў 

Італьянскі забудоўшчык разбірае краны і сыходзіць, амбіцыйная будоўля «Газпрам-цэнтра» прыпыненая

Трагікамедыя на будоўлі «Газпрам-Цэнтра»: абсталяванне на $20 мільёнаў сапсавалася

Крыніцы: «Газпрам трансгаз Беларусь» канчаткова прайграў сербам суд на $30 мільёнаў

Nashaniva.com