Па выніках праверкі рэпетытарскага цэнтра «100 балаў» завялі шэсць крымінальных спраў

Шэсць крымінальных спраў распачаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па выніках праверкі філіялаў рэпетытарскіх цэнтраў «100 балаў», паведаміла прэс-служба ведамства.

05.04.2023 / 17:15

У прэс-рэлізе адзначаецца, што фінансавай міліцыяй была «спыненая супрацьпраўная дзейнасць» па ўхіленні ад выплаты падаткаў і абавязковых плацяжоў заснавальнікаў рэпетытарскіх цэнтраў Яўгена Лівянта і Аляксея Іванова. Абодва былі затрыманыя ў пачатку года за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Па інфармацыі КДК, Лівянт, Іваноў і яшчэ шэсць чалавек, якіх яны называюць «памагатымі», з 2012 года зарэгістравалі пяць юрыдычных асоб пад агульным брэндам «100 балаў», офісы якіх былі адкрытыя ў Мінску, Віцебску, Гродне, Магілёве, Полацку, Оршы, Баранавічах для аказання навучэнцам рэпетытарскіх паслуг па ўсім спектры школьнай праграмы.

«З гэтай мэтай удзельнікі групы прыцягвалі настаўнікаў і выкладчыкаў устаноў адукацыі. Большасць з прыцягнутых рэпетытараў з мэтай мінімізацыі падаткаў яны рэгістравалі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў (у якасці ІП было зарэгістравана больш за 180 чалавек). Пры гэтым уся дзейнасць па аказанні рэпетытарскіх паслуг ажыццяўлялася непасрэдна рэпетытарскімі цэнтрамі «100 балаў»: яны размяшчалі на сваім сайце спісы выкладчыкаў, прымалі ад бацькоў заяўкі на аказанне паслуг, складалі для выкладчыкаў расклад, давалі класы, матэрыяльна-тэхнічную базу, вызначалі адзіны прэйскурант цэн», — паведамілі ў КДК.

За паслугі бацькі вучняў таксама плацілі на адрас рэпетытарскіх цэнтраў (з чэрвеня 2021 года паступіла 14,5 млн рублёў), пасля чаго цэнтры 50% атрыманых сродкаў пералічвалі на адрас ІП па фіктыўных дагаворах аказання паслуг, — сцвярджаюць у прэс-службе ДФР.

«Такім чынам выкладчыкі — індывідуальныя прадпрымальнікі фактычна з'яўляліся работнікамі рэпетытарскіх цэнтраў. Рэгістрацыя іх у якасці ІП дазволіла рэпетытарскім цэнтрам выкарыстоўваць злачынную схему ўхілення ад выплаты падаткаў», — сцвярджае ведамства.

У ведамстве таксама падкрэслілі, што з заробкаў работнікаў-ІП нібыта не быў выплачаны падаходны падатак і ўзносы ў ФСАН у агульнай суме больш за 3,6 млн рублёў. «Фактычна выкарыстоўвалася схема выплаты заробку «ў канверце». Пры гэтым «заробкі « асобных выкладчыкаў даходзілі да 13 тысяч рублёў», — сцвярджае КДК.

Па крымінальнай справе правялі 23 ператрусы ў Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцях. «Падазраваныя ў добраахвотным парадку выплачваюць прычыненую дзяржаве шкоду, цяпер у бюджэт паступіла больш за 630 тысяч рублёў», — паведамілі ў КДК. 

Чытайце таксама:

Дырэктарку цэнтра «100 балаў» вызвалілі

Справу Яўгена Лівянта рыхтуюць да перадачы ў суд

«Верагодна, хочуць паказаць, што яны будуць затрымліваць усіх і кожнага». Калегі пра затрыманне Яўгена Лівянта і яго сям'і

Nashaniva.com