Тэлеграм-бот «Магніт», які сілавікі ставяць затрыманым: якія звесткі ён можа збіраць і як ад гэтага абараніцца

Падчас аблавы ў Дзяржынску затрыманым запускалі ў тэлеграме новы бот «Магніт», які стварылі сілавікі. Распавядаем, чым ён можа быць небяспечны і што рабіць, каб ад яго абарніцца.

03.04.2023 / 22:39

Што за бот «Магніт» і якія звесткі Telegram-акаўнта ён можа збіраць?

Гэты бот у тэлеграме міліцыянты апошнім часам запускаюць многім затрыманым. Ініцыятывы CyberBeaver лічыць, што гэта можа быць саманапісаны бот, задача якога — сабраць інфармацыю з акаўнта.

«Мы мяркуем, што ён можа збіраць усе падпіскі, выдаваць id і нумар тэлефона, кантакты, можа сапраўды далучацца да нейкай базы і праганяць па ёй. Таксама можа залезці ў раней сабраны архіў акаўнта і выдаць суполкі, на якія чалавек быў раней падпісаны, але цяпер адпісаўся. Але там можа быць і шмат іншых функцыяў», — мяркуюць у ініцыятыве.

«Канешне, частку з гэтых даных можна знайсці іншымі сродкамі, але калі такі бот тэарэтычна збірае ўсе звесткі ў адну базу, то пераслед людзей становіцца прасцейшым», — дадаюць у CyberBeaver.

Падобнай пазіцыі наконт бота «Магніт» прытрымліваецца і аб'яднанне былых сілавікоў «Байпол», а таксама Кіберпартызаны.

Як падрытхавацца да таго, што на вашым акаўнце запусцяць «Магніт»?

Дакладна так жа, як і да любога ператрусу — мець акаўнт «чыстым». Калі на вашым акаўнце ўжо ёсць след з суполак ці вы разумееце, што пры аналізе ботам «Магніт» вам пагражае пераслед, то варта акаўнт выдаліць і стварыць нанова. Гэта не гарантыя бяспекі, але нашмат лепш, чым не рабіць гэтага.

Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?

«Кіберпартызаны» раяць таксама стварыць асобны акаўнт для палітычных чатаў і каналаў. Пасля гэтага — загрузіць «Партызанскі тэлеграм» і наладзіць ілжывы код-пароль, пры ўводзе якога гэты акаўнт будзе аўтаматычна хавацца або праграма будзе выходзіць з яго. Пры ператрусе тады можна ўвесці фальшывы код-пароль і паказаць «чысты» акаўнт, з якога вы не падпісаныя на палітычныя чаты і каналы.

Відэа-інструкцыя па настройках «Партызанскага тэлеграма» ёсць тут.

Што рабіць, калі на вашым акаўнце ўжо запускалі бот «Магніт»?

«Кіберпартызаны» раяць, па-першае, ніколі больш на падпісвацца з гэтага акаўнта на палітычныя каналы або чаты.

Па-другое, як мага хутчэй акаўнт выдаліць.

Па-трэцяе, калі вы разумееце, што пасля запуску бота «Магніт» і атрымання звестак пра ваш акаўнт вам пагражае крымінальная справа, то падумаць, наколькі небяспечна заставацца ў краіне.

Чытайце таксама:

Kotatogram: губазікаўцы паказалі, як яны аналізуюць пратэсныя чаты. Вось што варта ведаць

Затрымалі былога мадэратара сеткі «Кіроўцы 97%», на якога не маглі выйсці два гады. Распавядаем, чаго ён не ўлічыў

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Nashaniva.com