Вялікае журы Нью-Ёрка прагаласавала за выстаўленне крымінальных абвінавачванняў Трампу. Яго могуць арыштаваць у аўторак

Вялікае журы прысяжных Манхэтэна прагаласавала за зацвярджэнне абвінаваўчага заключэння ў дачыненні да былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Гэта першы выпадак выстаўлення крымінальных абвінавачванняў былому або дзейнаму прэзідэнту Злучаных Штатаў, перадае currenttime.tv

31.03.2023 / 07:25

У офісе акруговага пракурора Манхэтэна Элвіна Брэга заявілі, што звязаліся з адвакатам Трампа, каб узгадніць яго перадачу ў пракуратуру Манхэтэна для прад'яўлення абвінавачвання па абвінаваўчым заключэнні. Былы прэзідэнт ЗША можа з'явіцца для выстаўлення абвінавачвання ў аўторак, 4 красавіка.

Не выключана, што былы прэзідэнт пасля затрымання будзе дастаўлены ў залу суда ў кайданках, у яго возьмуць адбіткі пальцаў і сфатаграфуюць, пасля чаго адбудзецца першае слуханне па справе.

Сам Трамп заявіў, што «гэта палітычны пераслед і ўмяшанне ў выбары на самым высокім узроўні ў гісторыі».

Дэталі абвінаваўчага заключэння будуць апублікаваныя пасля з'яўлення Дональда Трампа ў судзе, дзе яму будуць афіцыйна прад'яўленыя абвінавачванні. Паводле звестак крыніц CNN, Трампу могуць абавязаць больш за 30 пунктаў абвінавачвання, звязаных з махлярствам.

Вядома, што адно з расследаванняў тычыцца справы аб выплаце 130 тысяч даляраў за маўчанне порнаактрысе Стормі Дэніэлс, якая сцвярджала, што ў яе быў раман з Трампам. Сам Трамп гэтыя абвінавачванні адхіляе. Паводле матэрыялаў справы, Трамп фальсіфікаваў падатковыя дакументы, унёсшы суму, выплачаную Дэніэлс, як выдаткі на юрыдычныя паслугі, што паводле нью-ёркскіх законаў, з'яўляецца правапарушэннем.

У лістападзе 2022 года Дональд Трамп абвясціў аб вылучэнні сваёй кандыдатуры ад Рэспубліканскай партыі на выбарах кіраўніка дзяржавы ў 2024 годзе. Прад'яўленне абвінавачванняў фармальна не павінна перашкодзіць яму весці перадвыбарчую кампанію.

У дадзены момант Дональд Трамп з'яўляецца аб'ектам, прынамсі, яшчэ двух расследаванняў, якія могуць завяршыцца прад'яўленнем яму крымінальных абвінавачванняў. Федэральная пракуратура расследуе яго абыходжанне з сакрэтнымі дакументамі, якія былі незаконна вывезеныя з Белага дома і выяўленыя ў рэзідэнцыі Трампа ў Фларыдзе. Акруговы пракурор у Джорджыі вядзе расследаванне па падазрэнні ў спробе Дональда Трампа паўплываць на вынік прэзідэнцкіх выбараў у Джорджыі.

Трамп заявіў, што чакае ўласны арышт на наступным тыдні — CNN

Nashaniva.com