У Екацярынбургу знік журналіст The Wall Street Journal

Журналіст выдання The Wall Street Journal Эван Гершковіч перастаў выходзіць на сувязь са сваёй рэдакцыяй пасля паездкі ў Екацярынбург. Пра гэта паведамляе ўральскі піяршчык Яраслаў Шыршыкаў, піша тэлеканал «Дождь».

30.03.2023 / 09:55

Эван Гершковіч. Фота са старонкі УКантакце

Са слоў Шыршыкава, Гершковіч браў інтэрв'ю ў яго ў Екацярынбургу два тыдні таму. Са слоў піяршчыка, журналіста ў першую чаргу цікавіла, як у грамадстве ставяцца да «ПВК Вагнера».

Адпрацаваўшы некалькі дзён у Екацярынбургу, Гершковіч паляцеў у Маскву, дзе, паводле інфармацыі выдання «вячэрнія ведамасці», ён пражывае. Аднак сёння ноччу Шыршыкаву патэлефанавала начальства Гершковіча і паведаміла, што журналіст вярнуўся ўчора ў Екацярынбург і пасля гэтага перастаў выходзіць на сувязь.

Як паведамляе са спасылкай на дзве крыніцы журналіст Дзмітрый Калязеў, Гершковіча затрымалі. «Эван ездзіў у Екацярынбург пісаць пра стаўленне да вайны і пра вярбоўку мясцовых жыхароў у ПВК Вагнер», — удакладніў Калязеў.

Напярэдадні чытач «Вячэрніх ведамасцяў» распавёў выданню, што бачыў, як ля рэстарана Bukowski Grill, дзе Шыршыкаў размаўляў з Гершковічам, затрымалі чалавека. Як мяркуецца, сілавікі завялі яго ў мікрааўтобус, нацягнуўшы на твар швэдар, піша выданне. Шыршыкаў мяркуе, што затрыманым мог быць Гершковіч.

Nashaniva.com