У Індыі нарадзіліся дзіцяняты гепарда. Гэта адбылося ўпершыню за 70 гадоў

Гэтыя жывёлы там афіцыйна лічыліся вымерлымі.

30.03.2023 / 09:05

Фота: pixabay

У Індыі ўпершыню за 70 гадоў нарадзіліся дзіцяняты гепарда. Пра гэта 30 сакавіка паведаміла Бі-Бі-Сі. Да гэтага жывёлы былі афіцыйна абвешчаныя вымерлымі ў гэтай краіне.

Краіна дзесяцігодзямі спрабавала рэінтрадукаваць жывёл у сваіх запаведніках. Сітуацыя змянілася пасля таго, як у мінулым годзе з Намібіі ў Індыю было завезена 8 гепардаў. Па інфармацыі агенцтва, гэта быў першы выпадак, калі такая буйная драпежная жывёла была перавезена з аднаго кантынента на другі і зноў інтэгравана ў дзікую прыроду. Акрамя гэтага, ў лютым з Паўднёвай Афрыцы ў Індыю таксама прыбылі яшчэ 12 драпежных котак.

«Чацвёра маленькіх гепардаў нарадзіліся ў запаведніку дзікай прыроды нацыянальнага парку Куно ад адной з самак, якія ў мінулым прыехалі з Намібіі. Прадстаўнікі парку кажуць, што і маці, і дзеці здаровыя», — адзначае BBC.

Навіну ўжо паспеў пракаментаваць міністр навакольнага асяроддзя Індыі Бхупендэр Ядау, назваўшы гэтую падзею «знакавай». Выказаўся нават прэм'ер-міністр краіны Нарэндра Модзі, ахарактарызаваўшы гэта як «цудоўную навіну».

Гепарды ў Індыі зніклі з дзікай прыроды яшчэ ў 1952 годзе. Іх колькасць скарачалася з-за адстрэлу і асваення чалавекам асяроддзя пражывання. Азіяцкі гепард знаходзіцца пад пагрозай знікнення і ў цяпер сустракаецца толькі ў Іране, але і там іх засталося каля 50 асобінаў.

Чытайце таксама:

У Пражскім заапарку ўпершыню ў Еўропе нарадзілася рэдкая жывёліна

Новы фенікс: навукоўцы блізкія да таго, каб уваскрэсіць вымерлы від птушак

Па Сеуле тры гадзіны гуляла зебра. Жывёла збегла з мясцовага заапарка, але яе ўдалося вярнуць

Nashaniva.com