Качагар забіў жонку і хацеў спаліць цела, але калега выклікаў міліцыю. Пакуль тыя ехалі, качагар павесіўся. Трагедыя ў Крулеўшчыне 

Як стала вядома «Нашай Ніве», у душных дэкарацыях вясковай кацельні ў адну з нядаўніх начэй разгарнулася трагедыя, вынікамі якой сталі два трупы, тры сіраты і пакалечаная псіхіка адзінага сведкі. 

30.03.2023 / 10:55

Качагарка ЖКГ Крулеўшчыны стала месцам трагедыі

Як стала вядома «Нашай Ніве» ад знаёмых з гісторыяй, драма разгарнулася ў кацельні мястэчка Крулеўшчына ў Докшыцкім раёне. 

Качагарка належыць мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадарцы «Докшыцы-камунальнік».

Узровень заробкаў работнікаў у правінцыйнай арганізацыі невысокі, таму працаваць нярэдка ідуць кадры з адпаведнымі жыццёвымі каштоўнасцямі. 

Вось што кажуць знаёмыя з абставінамі трагедыі. 

«Адзін з работнікаў кацельні, 60-гадовы Ю. (імя і прозвішча мы не называем з этычных прычын), прыйшоў на работу ў начную змену ўжо нападпітку, паспеўшы да таго атрымаць пратакол ад участковага за п'янку ў публічным месцы. Але на працу яго ўсё адно дапусцілі — начальству даводзіцца заплюшчваць вочы, бо сітуацыя такая, што працаваць там у такіх умовах і за такія заробкі, уласна, больш няма каму», — кажа наш суразмовец.

«Падчас начной змены да Ю. на работу прыйшла яго 47-гадовая жонка А. Імаверна, каб працягнуць пачатае дома. Выпівалі яны толькі ўдваіх ці разам з калегам Ю. па кацельні — гэтага не ведаю. Сварыліся.

Але сэнс у тым, што калега заснуў, і пакуль ён спаў, Ю. у час сваркі задушыў жонку, а цела, п'яны, вырашыў спаліць у печцы кацельні. У нейкі момант, калі ён спрабаваў гэта зрабіць, прачнуўся калега, залямантаваў і выскачыў з памяшкання, каб выклікаць міліцыю.

Калі міліцыя прыехала, Ю. ужо быў нежывы — павесіўся, пакінуўшы запіску з просьбай пахаваць яго разам з жонкай», — паведамілі нам абставіны знаёмыя з сітуацыяй.

У пары засталіся дарослыя дзеці. 

Nashaniva.com