Тамбоўскі хлебазавод пачаў выпуск дронаў для вайны з Украінай

Тамбоўскі хлебазавод спачатку адпраўляў расійскім акупантам на фронт ва Украіне сваю профільную прадукцыю, а таксама медыкаменты і амуніцыю. «А калі вайскоўцы сказалі, што сытыя-здаровыя-апранутыя, і ў гэты момант ім найбольш патрэбныя беспілотнікі, прадпрыемства паралельна з абаранкамі і батонамі наладзіла выпуск дронаў», піша «Российская газета».

29.03.2023 / 12:28

Фота: «Собиз Инфо»

«Мы самі рэжам рамы з карбону. Ужываем кампазіты, хутка пачнём друкаваць на 3D-прынтары трымальнікі для антэн і камеры», — заявіў намеснік дырэктара завода падпалкоўнік Аляксандр Рудзік.

«Ён у мінулым вайсковы сувязіст, падпалкоўнік запасу, таму, апроч агульнага кіраўніцтва праектам, узяў на сябе тэхнічную частку», — піша выданне.

Паводле Рудзіка, хлебазавод выпускае танныя дроны для выведкі. Абыходзіцца адзін у 25—50 тысяч рублёў (300—600 еўра) у залежнасці ад характарыстык.

Першая серыйная партыя з 16 беспілотнікаў адправіцца на фронт у канцы сакавіка. Камбінат можа збіраць да 200 дронаў у месяц.

Nashaniva.com