У пачатку сакавіка 28-гадовы мужчына быў затрыманы пры спробе перасячы мяжу

У першых чыслах сакавіка у Воранаўскім раёне быў затрыманы Віктар Залатарэўскі, які спрабаваў выехаць з Беларусі ў Літву, даведаўся Mayday. 

28.03.2023 / 19:42

Як атрымалася высветліць праваабаронцам, пры аглядзе мабільнага тэлефона мужчыны сілавікі выявілі падпіскі на тэлеграм-каналы, прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі». Пасля гэтага яго адміністрацыйна арыштавалі па арт. 19.11 КаАП РБ (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

10 сакавіка, у дзень меркаванага вызвалення, Залатарэўскаму былі прад'яўленыя абвінавачванні па крымінальнай справе па арт. 361-1 і арт.361-4 КК РБ за нібыта рэгістрацыю ў плане «Перамога». Mayday звязвае ягоны арышт з інцыдэнтам у Мачулішчах, але ніякіх доказаў на карысць гэтага, апрача прыблізнага супадзення датаў, не прыводзіць.

На дадзены момант Віктар Залатарэўскі знаходзіцца ў СІЗА горада Гродна.

Вядома, што перад спробай выезду з краіны мужчына, які сам паходзіць з Гомеля, працаваў у Мінску ў адной з дзяржаўных арганізацый і пражываў у інтэрнаце. Пасля затрымання ён быў звольнены.

Nashaniva.com