«Беллегпрам» хоча апрануць каля 2 млн зімбабвійскіх школьнікаў і адціснуць з гэтага рынка кітайцаў

Беларускія тэкстыльшчыкі «намацалі» буйны рынак тканін у Афрыцы, але там ім давядзецца канкурыраваць з Кітаем, перадае «Спутнік».

28.03.2023 / 14:24

Аляксандр Лукашэнка ў Зімбабве, 1 лютага 2023 года

Першыя пастаўкі баваўнянага валакна з Зімбабвэ ў Беларусі чакаюць да чэрвеня-ліпеня 2023 года, паведаміла журналістам старшыня дзяржканцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна. Дагавор аб намерах у гэтай сферы быў падпісаны яшчэ ў студзені, калі дэлегацыя на чале з Аляксандрам Лукашэнкам наведвала Зімбабвэ.

Цяпер у Беларусі знаходзіцца пастаянны сакратар міністэрства прамысловасці і гандлю Зімбабвэ Мавіс Сібанды.

Канцэрн «Беллегпрам» спадзяецца на супрацоўніцтва — пастаўкі «беларускіх тканін у гэту афрыканскую краіну, а потым і на ўвесь кантынент».

Лугіна адзначыла, што ў Зімбабвэ каля двух мільёнаў школьнікаў, і для ўсіх трэба шыць форму. Пакуль што гэтая патрэба закрываецца імпартам з КНР. Беларусь ужо прапанавала палівіскозу і тканіны з воўнаю. У канцы красавіка гэтыя і іншыя ўзоры прадукцыі прадпрыемстваў «Камволь» і «Магатэкс» беларуская дэлегацыя прадставіць на выставе ў Зімбабвэ, распавяла Лугіна.

Паводле яе слоў, у краіне ёсць вытворчасць адзення, але няма тэкстыльных прадпрыемстваў, якія выпускаюць тканіну. Таму «Беллегпрам» і вырашыў увайсці на гэты рынак. Але беларусам давядзецца вытрымаць канкурэнцыю з кітайцамі, у тым ліку па лагістыцы і якасці, канстатуе «Спутнік».

Nashaniva.com