Размяшчэнне ядзерных боезарадаў у Беларусі без перадачы Мінску кантролю за імі не супярэчаць Дагавору аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі — МЗС

Беларусь прадпрымае вымушаныя меры па ўмацаванні бяспекі, лічаць у беларускім знешнепалітычным ведамстве. Прэс-служба апублікавала адказ МЗС Беларусі.

28.03.2023 / 10:32

«На працягу апошніх двух з паловай гадоў Рэспубліка Беларусь падвяргаецца беспрэцэдэнтнаму палітычнаму, эканамічнаму і інфармацыйнаму ціску з боку ЗША, Вялікабрытаніі і іх саюзнікаў па НАТА, а таксама дзяржаў-членаў Еўрапейскага саюза. Гэта прамое і грубае ўмяшанне ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы, накіраванае на змену геапалітычнага курсу і змяненне ўнутрыпалітычнага ладу Беларусі, прама супярэчыць абавязацельствам, узятым на сябе асобнымі падпісантамі Мемарандума аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Рэспублікі Беларусь да Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (ДНЯЗ). Аднабаковыя прымусовыя меры ў палітыцы і эканоміцы суправаджаюцца нарошчваннем на тэрыторыі суседніх краін-членаў НАТА ваеннага патэнцыялу ў непасрэднай блізкасці ля нашых меж.

Улічваючы названыя абставіны і законныя заклапочанасці і рызыкі ў сферы нацыянальнай бяспекі, якія вынікаюць з іх, Беларусь прадпрымае вымушаныя дзеянні ў адказ па ўмацаванню ўласнай бяспекі і абараназдольнасці.

Ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам.

Навучанне беларускіх пілотаў, здольных кіраваць самалётамі са спецыфічнымі боепрыпасамі, мадэрнізацыя такіх самалётаў, роўна як і размяшчэнне ядзерных боезарадаў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Мінску кантролю за імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналогій, ніякім чынам не супярэчаць палажэнням артыкулаў I і II ДНЯЗ», — гаворыцца ў заяве МЗС.

Nashaniva.com