У Германіі ля стаянкі знойдзены труп мужчыны — магчыма, беларуса

У раёне стаянкі для велікагрузаў ля нямецкай камуны Гуксхаген, зямля Гесэн, знайшлі труп мужчыны — як мяркуецца, беларуса. Пра гэта паведамляе belmir.by cа спасылкай на мясцовую паліцыю.

28.03.2023 / 09:47

Фота ілюстрацыйнае. Фота нямецкай паліцыі

Цела было знойдзена раніцай у панядзелак 27 сакавіка на адхоне побач з паркоўкай для дальнабойшчыкаў «Квілервальд» на трасе ВАВ 7 у напрамку руху на поўнач.

У гэтым раёне вёўся інтэнсіўны пошук у сувязі са знікненнем 32-гадовага кіроўцы фуры з Беларусі. Яго грузавік некалькімі днямі раней знайшлі на паркоўцы. Выяўленае цела адпавядае апісанню зніклага.

Аднак дакладна асоба і прычыны гібелі чалавека яшчэ не ўстаноўлены. Будзе праведзена судова-медыцынская экспертыза.

У цяперашні час праваахоўнікі горада Хомберг вядуць расследаванне. Прыкмет гвалтоўнай смерці на дадзены момант няма.

У Германіі падчас пажару абгарэў дальнабойнік з Гродна

Nashaniva.com