Са «шпіёнам» лукашэнкаўскага рэжыму на Дні Волі ў Вільні пагарачыліся. Ён аказаўся літоўскім журналістам

Літоўскія СМІ высветлілі, што насамрэч чалавек, які здымае беларускую акцыю на камеру, — гэта не былы беларускі сілавік Андрэй Трапашка, а літоўскі журналіст Дарыюс Матайціс, прадстаўнік Scanpix Baltics у Літве, піша выданне 15min.lt.

27.03.2023 / 22:12

«Я не першы раз запісваю мерапрыемствы беларускай апазіцыі ў Літве. Іх фота ў фотабанку Scanpix даволі шмат. У той дзень я ўбачыў, што нейкі чалавек падышоў вельмі блізка да мяне і здымаў мяне на відэа ці тэлефон. Тады я адразу падумаў, што гэта можа выклікаць праблемы ў будучыні, але ён толькі здымаў, не прасіў мяне прадставіцца, не пытаўся, адкуль я», — расказаў журналіст 15min.

На пытанне, ці звяртаўся да яго ў той вечар хто-небудзь з просьбай аб акрэдытацыі, Матайціс адказаў адмоўна.

«Таксама побач стаяў паліцэйскі патруль, яны маглі адразу падаць заяву, я б паказаў усе дакументы», — сказаў суразмоўца.

Дарыюс Матайціс падкрэсліў, што ў Літве пры здымцы ці фотаздымцы публічных мерапрыемстваў не абавязкова мець дадатковы дазвол.

Журналіст быў непрыемна здзіўлены скандалам. Тым больш што паміж ім і лукашэнкаўскім сілавіком, на яго думку, ёсць толькі адно падабенства — яны абодва лысыя. 

Чытайце таксама:

У віленскай паліцыі не прынялі заяву на імавернага «ціхара», які здымаў удзельнікаў Дня Волі

«Байпол» сцвярджае, што выявіў на Дзень Волі ў Вільні «ціхара» з камерай

Nashaniva.com