Мінск бяднее, а рэгіёны — не. Чаму так адбываецца?

У Мінску ў адрозненне ад рэгіёнаў падае сярэдні заробак. Такую статыстыку прыводзіць Белстат. Што можа быць прычынай такога парадокса?

27.03.2023 / 15:07

Прырост у рэгіёнах

Сярэдні намінальны налічаны заробак у лютым склаў 1687,8 рубля. Ён вырас у параўнанні з мінулым годам — тады налічаная сярэдняя зарплата ў лютым складала 1563 рублі. 

Але, згодна са статыстыкай, заробкі ў сталіцы падаюць. У лютым 2022 года мінчукам у сярэднім налічвалася 2410 рублёў. Праз год гэты паказчык склаў 2335,2 рубля. 

Рэгіёны ў той жа час паказалі прырост, напрыклад, у Мінскай вобласці год назад сярэдні налічаны заробак вырас з 1475 да 1677 рублёў. Вырас ён і ў Магілёўскай вобласці — самым бедным рэгіёне краіны. у лютым 2023 года ён склаў 1386 рублёў супраць 1219,3 годам раней.

Рэальны заробак у лютым у рэгіёнах таксама вырас у параўнанні са статыстыкай год таму. У Мінску ж ён за год упаў на 13,2%. 

Чаму так адбываецца?

Выглядае, што асноўная прычны такіх парадоксаў крыецца ў тым, што менавіта ў Мінску была сканцэнтравана найбольшая колькасць ІТ-кампаній. Летась IT-галіна скарацілася настолькі, што ўпершыню ўнесла адмоўны ўнесак у ВУП (-0,2%). Дзесяткі кампаній рэлакавалі свой бізнэс разам са значнай часткай супрацоўнікаў у іншыя краіны. За 2022-гі колькасць айцішнікаў у краіне зменшылася на 16 тысяч.

Праз адток спецыялістаў, у эканоміцы рэзка скарацілася колькасць спецыялістаў з заробкам 10 000 рублёў і больш. 

Па даных апытанняў, праведзеных парталам dev.by, сярэдні заробак беларускіх айцішнікаў складае 2335 даляраў, медыянны — 1800 даляраў. 

Раней ІТ-сфера лічылася драйверам беларускай эканомікі, які не толькі сам па сабе дадаваў прырост ВУП, але і цягнуў за сабой іншыя галіны, такія, як камерцыйная нерухомасць і сфера паслуг.

Нягледзячы на адток работнікаў, лукашэнкаўцы працягваюць кашмарыць айцішнікаў, у тым ліку за данаты, зробленыя яшчэ ў 2020-2021 гадах. У той жа час, кампаніі з беларускімі каранямі ўжо паспелі ўвайсці ў топ падаткаплацельшчыкаў у Літве.

Аб тым, што Мінск больш за рэгіёны пакутуе ад санкцый у цэлым і скарачэння ІТ-сектара ў прыватнасці, сведчаць і іншыя пказчыкі. Напрыклад, летасць назіралася сітуацыя, калі цэны на нерухомасць у рэгіёнах раслі, а ў сталіцы — не. 

Чытайце таксама: 

Як за 10 гадоў змяніліся заробкі ў Беларусі, Польшчы і Літве. Лічбы суседзяў уражваюць

Летась беларусы ў Польшчы адкрылі амаль у 4 разы больш фірм, чым у 2020-м. Чым там займаюцца беларускія бізнэсоўцы 

Nashaniva.com