У Ізраілі паліцыя разагнала пратэстоўцаў супраць судовай рэформы. Прэзідэнт Ізраіля заклікаў спыніць судовую рэформу

У Ізраілі паліцыя разагнала пратэстоўцаў супраць судовай рэформы, якія перакрылі галоўную трасу краіны. Спыніць рэформу заклікаў прэзідэнт Ізраіля Іцхак Герцаг.

27.03.2023 / 09:08

Пратэсты ў краіне працягваюцца некалькі тыдняў, дэманстранты выступаюць супраць рашэння ўлад правесці судовую рэформу, якая прадугледжвае наданне ўраду неабмежаванага кантролю над прызначэннем суддзяў і скарачэнне паўнамоцтваў Вярхоўнага суда.

 

ירושלים pic.twitter.com/9zPvactvAH

— אימהות נגד אלימות Mothers against violence (@imahot4) March 26, 2023

Шашу перакрылі тысячы людзей, прыкладна праз пяць гадзін паліцыя пачала прымяняць сілу для разгону дэманстрантаў, піша «Настоящее время» са спасылкаю на мясцовыя выданні. Паміж праваахоўнымі органамі і пратэстоўцамі адбыліся жорсткія сутыкненні, паліцыя прымяніла вадамёты і слёзацечны газ, пратэстоўцы выкарыстоўвалі бутэлькі і камяні. У сутыкненнях пацярпела як мінімум трое паліцыянтаў.

 

איילון.
צילום אור אדר pic.twitter.com/xGplLIcTkA

— אימהות נגד אלימות Mothers against violence (@imahot4) March 26, 2023

Па даных крыніц газеты The Times of Israel, на фоне ўзмацнення пратэстаў прэмʼер-міністр Біньямін Нетаньяху можа перагледзець далейшае прасоўванне судовай рэформы.

איילון עכשיו pic.twitter.com/DQsAgh2zNI

— אימהות נגד אלימות Mothers against violence (@imahot4) March 26, 2023

Спыніць судовую рэформу, якая выклікала масавыя пратэсты ў краіне, заклікаў прэзыдэнт Ізраіля Іцхак Герцаг. Ён заявіў, што бяспека і эканоміка Ізраіля аказаліся пад пагрозай. «Звяртаюся да прэмʼер-міністра, членаў урада, кампаній і членаў кааліцыі: пачуцці цяжкія і балючыя… Дзеля адзінства з народам Ізраіля, дзеля ўскладзенай на нас адказнасці я заклікаю вас неадкладна спыніць заканадаўчы працэс», — напісаў ізраільскі прэзідэнт.

Пратэсты ў Ізраілі працягваюцца дванаццаты тыдзень запар, аднак у ноч на 27 сакавіка яны ўспыхнулі з новай сілай пасля навіны аб зняцці з пасады міністра абароны Ёава Галанта, які заклікаў кіраўніка ўрада спыніць судовую рэформу.

Па словах арганізатараў, учора на вуліцы выйшлі больш за 600 тысяч дэманстрантаў. Гэта найбуйнейшая акцыя пратэсту за ўсю гісторыю краіны.

Прапанаваная ўрадам Біньяміна Нетаньяху судовая рэформа прадугледжвае, што парламенцкая большасць фактычна будзе вызначаць выбар суддзяў Вярхоўнага суда, а сам суд страціць магчымасць адмяняць рашэнні ўрада. Парламент мусіць вынесці рэформу на галасаванне на наступным тыдні.

Дэманстранты лічаць, што яе прыняцце будзе азначаць страту незалежнасці судоў.

Прэмʼер-міністр Ізраілю Біньямін Нетаньяху, абраны ў снежні мінулага года, мяркуе, што мэта пратэстуючых — адхіліць яго ад улады. Некаторыя з дэманстрантаў сапраўды выстаўляюць патрабаванні адстаўкі Нетаньяху. Ён заступіў на пасаду прэмʼер-міністра ўжо шосты раз у сваёй палітычнай карʼеры. Супраць Нетаньяху ў цяперашні час узбуджаныя тры крымінальныя справы аб карупцыі, аднак сам ён адмаўляе віну.

Nashaniva.com