«Прылятае коптэр з запіскай «Ідзі за мной!» Украінскія вайскоўцы з дапамогаю дрона вывелі жанчыну з-пад абстрэлу пад Ізюмам

Улетку 2022 года ўкраінскія вайскоўцы змаглі з дапамогай квадракоптара вывесці жанчыну з-пад расійскага абстрэлу. Гісторыя адбылася непадалёк ад Ізюма, які на той момант быў акупаваны расейскімі войскамі, піша «Настоящее время».

26.03.2023 / 14:32

Выратаваць з дапамогаю дрона Валерыю Панамарову змаглі байцы 93-й брыгады «Халодны Яр». Скрын відэа

Жанчыну, якую выратаваў квадракоптар, клічуць Валерыя Панамарова, да вайны яна жыла ў Данецкай вобласці. Неўзабаве пасля пачатку вайны яна разам з мужам выехала з Кіева на машыне ў бок Бахмута, каб эвакуіраваць бацькоў мужа. Ні мабільнай сувязі, ні навігатара ў мужа і жонкі не было.

У Харкаўскай вобласці, пад Ізюмам (горад тады быў акупаваны расийскімі войскамі) па іх аўтамабілі пачалі страляць расейцы. Муж быў паранены, а Валерыя, паводле яе слоў, апынуўшыся пад абстрэлам, проста не ведала, што ёй рабіць.

«Я пачала даставаць рэчы і перавязваць яго: швэдарамі, джынсамі, каб спыніць неяк крывацёк, — распавядае Панамарова. — Потым я ўжо ўбачыла, яму ў галаву патрапілі. Ён страціў прытомнасць, а потым ачуўся: пытаўся, дзе мы, што здарылася».

Непадалёк месца расстрэлу ў гэты час пралятаў квадракоптар украінскіх вайскоўцаў. З яго дапамогай УСУ ўбачылі, што расийскія вайскоўцы, якія адкрылі агонь па аўтамабілі, ужо рушылі ў бок машыны. Яны вырашылі паспрабаваць дыстанцыйна дапамагчы выбрацца з небяспечнага месца.

«Квадракоптар прыляцеў, ён мне нешта паказваў — але я не разумела, — распавядае Валерыя. — Я паказвала на Андрэя, стала на калені і крычала: «Дапамажыце!» Потым коптэр паляцеў і прыляцеў з запіскай на ўкраінскай: «Ідзі за мной».

Валерыя даверылася і пайшла за коптэрам, спадзеючыся з яго дапамогай прывесці дапамогу да параненага мужа. Яна прыгадвае, што, пакуль яна ішла, навокал усё выбухала. Але аператар дрона змог правесці дзяўчыну пад абстрэламі так, каб абысці ўсе міны, якія ляжалі на дарозе.

Праз некалькі хвілін Валерыя дабралася да пазіцый украінскіх вайскоўцаў.

У гэты час расійскія вайскоўцы ўжо падышлі да яе мужа — Андрэя. Мужчына быў без прытомнасці ад страты крыві, і менавіта гэта яго і выратавала: расейцы падумалі, што Андрэй ужо мёртвы, і скінулі яго ў яму ля дарогі. Там ён праляжаў больш за суткі.

«Я прачнуўся ад таго, што дождж лье і мне холадна. Я ўбачыў сваю машыну расстраляную і папоўз туды, — распавядае Андрэй Багамаз. — Выкінуў усё з багажніка, лёг у багажнік і ляжаў. Колькі я там ляжаў, я не ведаю».

Андрэй узгадвае, што, калі ён прыйшоў у сябе, ноччу змог дайсці да пазіцый украінскіх вайскоўцаў — проста накіраваўся ў той бок, адкуль прыехаў. Там яго адразу перадалі медыкам.

«Пакуль яшчэ швы не знялі, пласціну толькі паставілі ў галаву. Астатнія аскепкі яшчэ пакуль не вымалі, каб глыбока не рэзаць. А тыя, што блізка падыходзяць, іх потым выдаляюць», — распавядае Андрэй.

Увосень мінулага года, калі сам горад Ізюм і яго ўскраіны ў Харкаўскай вобласці былі дэакупаваны, украінскія паліцыянты знайшлі расстраляны аўтамабіль мужа і жонкі: ён стаяў прама пасярод дарогі.

Следчым удалося аднавіць дэталі гэтай гісторыі. Яны лічаць, што агонь па сямейнай пары, якая ехала ў грамадзянскім аўтамабілі, адкрыў 26-гадовы жыхар Масквы Клім Каржаеў, старшы лейтэнант, камандзір мотастралковай роты УС РФ. Украінская паліцыя апублікавала перахоп тэлефоннай размовы вайскоўца са сваёй жонкай: ён адбыўся ў дзень расстрэлу.

«А я людзей, чалавека сёння забіў», — прызнаецца вайсковец у гэтай размове.

«Ты забіў? Якога, хахла?» — пытае яго жонка.

«Ды хто яго ведае, — адказвае вайсковец. — Карацей, машына ехала, я як п***ануў з БМП. Жанчына выжыла, мужык — не».

На Каржаева ва Украіне завялі справу: за спробу забойства яму пагражае да 15 гадоў турмы.

«Нашы калегі за мяжой абавязаны гэтую асобу арыштаваць і перадаць кампетэнтным органам нашай дзяржавы, — заўважае пракурор Харкаўскай вобласці Аляксандр Фільчакоў. — Гэта значыць перадаць яго нам — для наступнага асуджэння».

Аб гісторыі выратавання пры дапамозе дрона зняў дакументальны фільм «Ідзі за мной» украінскі кінарэжысёр Любамір Лявіцкі. У ім гаворыцца, што выратавальную аперацыю змаглі правесці байцы 93-й брыгады «Халодны Яр».

Nashaniva.com