На цырымонію адкрыцця помніка аўтару бел-чырвона-белага сцяга з Ізраіля прыляцелі нашчадкі ўратаваных ім людзей 

У Коўне 25 сакавіка ўрачыста адкрылі новы помнік на магіле вядомага беларускага дзеяча, інжынера Клаўдзія Дуж-Душэўскага, які з'яўляецца аўтарам эскізу бел-чырвона-белага сцяга.

25.03.2023 / 18:16

 

У цырымоніі ўзялі ўдзел праўнук інжынера Дуж-Душэўскага, а таксама нашчадкі яўрэяў, якіх стваральнік бел-чырвона-белага сцяга ўратаваў ад нацысцкага генацыду ў Другую сусветную вайну. Яны для гэтага адмыслова прыляцелі з Ізраіля.

Цырымонія прайшла пад беларускімі і літоўскімі сцягамі з удзелам ганаровай варты. На ёй прысутнічала часовая павераная ў справах Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Аста Андрыяўскене.

Пры адкрыцці помніка было сказана некалькі прамоў, ад Офіса Святланы Ціханоўскай выступіў яе дарадца Аляксандр Дабравольскі.

Усяго на цырымоніі прысутнічала каля 120 чалавек. З Вільні ў Коўна дзеля ўдзелу ў ёй прыехала цэлая аўтакалона пад бел-чырвонымі сцягамі.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі (1891-1959) — сябра Рады БНР, аўтар праекта бел-чырвона-белага сцяга, архітэктар Літбудпраекта і дацэнт Ковенскага ўніверсітэта. Двойчы быў арыштаваны савецкімі ўладамі, вязень нямецкага канцлагера. За дапамогу яўрэям падчас Другой сусветнай вайны пасмяротна ўзнагароджаны прэзідэнтам Літвы.

Чытайце таксама:

Як бел-чырвона-белы сцяг стаў нацыянальным

«Наш сцяг тапталі і нішчылі, а ён жыве». Апошняе інтэрв'ю гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага

Унук стваральніка бел-чырвона-белага сцяга: «Сцяг «фашысцкі»? Дзед уратаваў габрэйскую дзяўчынку з гета»

Nashaniva.com