Канстанцінопальскі патрыярхат падпісаў пагадненне з Літвой. Яно тычыцца і беларускіх вернікаў

Размова падчас візіту ішла аб заснаванні мясцовай структуры Сусветнага патрыярхата. Сустрэча скончылася падпісаннем дакументаў, піша Радыё Свабода.

23.03.2023 / 10:50

Храм святога Мікалая на Лукішках. Фота radzima.org

Візіт Сусветнага (Канстанцінопальскага) патрыярха Варфаламея ў Вільню скончыўся падпісаннем пагаднення з літоўскімі ўладамі. Пагадненне прадугледжвае канкрэтныя крокі па інстытуцыялізацыі ў краіне структур Сусветнага патрыярхата, адкрываючы для іх магчымасці будаваць і бязвыплатна арэндаваць у дзяржавы храмавыя памяшканні, ажыццяўляць місіянерскую, адукацыйную і дабрачынную дзейнасць.

Клірыкі Сусветнага патрыярхата ў Літве атрымаюць такі ж прававы статус, як і святары іншых традыцыйных канфесій Літвы.

Дакумент з Канстанцінопальскім патрыярхатам падпісвала прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце. Яна падкрэсьліла, што рашэнне Сусветнага патрыярхату задаволіць апеляцыю пяці літоўскіх праваслаўных святароў, аднавіць іх рэлігійны статус і прыняць у Царкву-Маці пасля рашэння патрыярха Маскоўскага Кірыла выключыць іх з духавенства, — гэта важны крок у забеспячэнні рэлігійнай свабоды ў Літве.

Таксама яна падкрэсліла, што рашэнне аб вяртанні Экуменічнага патрыярхату ў Літву можа прыняць толькі ён сам. Аднак яна адзначыла, што магчымасць вызнаваць сваю веру без канфлікту з сумленнем важная не толькі для праваслаўных грамадзян Літвы грэцкага і ўкраінскага паходжання, але і для ўкраінцаў, якія ўцяклі ад развязанай Расеяй вайны, і для беларусаў, якія праз рэпрэсіі на радзіме пераехалі ў Літву.

Падчас паездкі Варфаламей сустрэўся не толькі з прадстаўнікамі ўлады, але і з адноўленымі ў сане святарамі і вернікамі.

Раней з просьбай аб заснаванні мясцовай структуры Сусветнага патрыярхату да патрыярха Варфаламея звярталіся розныя нацыянальныя грамады Літвы, у тым ліку беларуская і ўкраінская.

У карыстанне праваслаўных вернікаў Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні перадалі храм у гонар святога Мікалая ў Лукішках. Гэта адзін з нямногіх культавых будынкаў, што гістарычна належалі Праваслаўнай царкве, але не былі перададзены ва ўласнасць мясцовай епархіі РПЦ, напісаў напярэдадні візіту ў сваім тэлеграм-канале айцец Аляксандр Шрамко.

Таксама ён паведаміў, што напярэдадні візіту патрыярха Канстанцінопальскага ўпершыню літургія ў саслужэнні святароў Канстанцінопальскага патрыярхата ў Вільні прайшла ў будынку названага храма.

Nashaniva.com