Збіраюць грошы на пратэз нагі для беларуса — абаронцы Кіева

Калі Аляксей Назараў страціў нагу падчас бою, то не верыў што выжыве. Хлопец запісаў апошняе відэа, аднак яму пашчасціла. Аляксей вярнуўся на службу, але каб працягваць паўнавартасна выконваць свае абавязкі, яму трэба сабраць каля 57 тысяч еўра на сучасны пратэз.

22.03.2023 / 17:42

Арганізуе збор на пратэз для Аляксея Назарава журналіст тэлеканала «Белсат» Сяргей Пеляса, робячы гэта па просьбе Палка Каліноўскага. Збор вядзецца з дапамогай польскай Фундацыі «Браты».

З лютага 2015 года Аляксей Назараў (пазыўны «Псіхолаг») абараняў Украіну на полі бою. Ён прыехаў ва Украіну ў якасці добраахвотніка, паступіў на службу ў полк «Азоў» з іншымі беларусамі, служыў інструктарам. Скончыў службу пад канец 2016 года. У цывільным жыцці таксама быў звязаны з вайсковай справай. Апошнія гады перад поўнамаштабнай вайной, займаўся навучаннем тактычнай падрыхтоўцы цывільнага насельніцтва, рыхтаваў будучую тэрытарыяльную абарону.

З 24 лютага 2022 года Аляксей Назараў (пазыўны «Псіхолаг») разам з іншымі беларускімі ветэранамі, якія раней абаранялі Украіну на Данбасе, вярнуўся ў вайсковыя шыхты. На першым этапе расійскай агрэсіі ён узяў удзел у абароне Кіеўскай вобласці ў розных месцах дыслакацыі.

3 сакавіка 2022 года ў адным з баёў «Псіхолагу» фактычна адарвала палову нагі вышэй калена. Ён страціў ніжнюю траціну бядра. Нягледзячы на цяжкую рану і бой, які працягваўся вакол яго, ён сам сабе наклаў турнікеты, каб спыніць кроў, адрэзаў кавалак нагі і запісаў відэазварот. Думаў, што ўжо не выйдзе жывым з таго бою. Але яму пашчасціла, хлопца ўдалося эвакуяваць.

Пасля ранення Аляксей прайшоў стадыю стабілізацыі, аперацыю. Затым некаторы час працягвалася зажыўленне пашкоджанай канечнасці для падрыхтоўкі да далейшага пратэзавання. У пачатку траўня 2022 года ў клініцы пратэзавання Стэцэнкі ў Кіеве (Артотэх сэрвіс) ён стаў на першасны пратэз, вучыўся хадзе і прыстасоўваўся жыць па-новаму. У ліпені 2022-га яму паставілі пастаянны пратэз.

«Псіхолаг» марыць вярнуцца да паўнавартаснай службы. Вучыць новых добраахвотнікаў, дзяліцца з імі сваім досведам, магчыма нават вярнуцца на фронт. Для гэтага трэба аднавіць функцыі хады і бегу. Сённяшні пратэз гэтага не дазваляе. Патрэбны больш сучасны, больш трывалы пратэз, створаны для актыўнага жыцця.

Пасля кансультацый з пратэзістамі яму прапанавалі варыянт з устаноўкай пратэза сцягна модульнага тыпу з каленным вузлом і электронным кіраваннем Ottobock Genium x3 і ступнёй 1Е95. Поўны кошт паводле рахунка, выстаўленага кіеўскім цэнтрам, цяпер складзе 2223911,53 украінскіх грыўняў. Улічваючы магчымыя змены курсаў валют і іншыя арганізацыйныя выдаткі сума збору складае 58 000 еўра. 

Ад нас з вамі залежыць, ці зможа Аляксей вярнуцца да актыўнага жыцця і вайсковай службы.

Падтрымаць Аляксея Назарава сваім ахвяраваннем можна па спасылцы.

Nashaniva.com