«Калі ў чалавека вылет з Варшавы, то варта планаваць паездку за суткі». Колькі часу цяпер займае перасячэнне мяжы

Як зараз беларусы ездзяць у Польшчу і Літву, дзе чарга ідзе больш хутка і які дзень лепш за ўсё выбіраць для перасячэння мяжы, пра гэта MOST пагаварыў з прадстаўніком праекта GranicaBYPL, дзе адсочваюць сітуацыю на мяжы Беларусі і ЕС.

22.03.2023 / 13:32

У апошні час праходжанне мяжы можа займаць каля сутак. Фота: gpkgovby / Telegram

Як справы на беларуска-польскай мяжы

Сярэдні час перасячэння мяжы праз «Варшаўскі мост» з боку Брэста каля 15-18 гадзін. У апошні час праходжанне мяжы можа займаць каля сутак, таксама бываюць выпадкі, калі перасячэнне займае каля 5-8 гадзін, і ў асноўным гэта адбываецца ў суботу.

За апошні тыдзень польскі бок для ўезду ў Польшчу за суткі афармляе прыкладна 600-650 машын. Выязджае праз «Цярэспаль» каля 700-800 аўто.

Пры планаванні паездкі праз Брэст, варта ўзяць пад увагу, што перш чым заехаць на мяжу, трэба прастаяць тры гадзіны чаргі: да зоны чакання, у самой зоне чакання і пасля зоны чакання (перад шлагбаумам на заезд на мяжу). Таму, калі ў зоне чакання няма машын — гэта абсалютна не значыць, што транспарт можа патрапіць на мяжу.

У апошнія дні пагоршылася сітуацыя з праходжаннем мяжы на аўтобусе. У суботу 11 сакавіка праходжанне дзвюх межаў займала да 15 гадзін, а польскі бок афармляў 1-2 аўтобусы за гадзіну. Таму, калі ў чалавека самалёт у Варшаве, дык варта планаваць паездку, як мінімум за суткі да вылету.

Шмат хто звяртае ўвагу, што часта ў чэргах стаяць беларускія машыны на 5-м ці 7-м рэгіёнах і некаторыя ў чарзе не разумеюць, навошта яны сюды едуць, калі праезд праз Літву нашмат хутчэй. Але адказ просты: у многіх да гэтага часу прадоўжаныя візы, па якіх яны могуць перасякаць мяжу толькі ў польскім напрамку.

Што адбываецца на беларуска-літоўскай мяжы

Вялікі паток перакінуўся з польскай на літоўскую мяжу. Пры гэтым літоўцы больш машын усё роўна не афармляюць.

Больш за ўсё напружаная сітуацыя стала на пераходзе «Беняконі-Шальчынінкай», раней ён быў самым хуткім. Цяпер, каб хутчэй прайсці мяжу, трэба выбіраць пераходы, якія знаходзяцца далей ад Польшчы. Напрыклад, «Катлоўка-Лаварышкес», «Відзы-Твярачус» ці латвійскі пераход «Урбаны-Сілене».

Праезд у бок Літвы праз пункт «Прывалка» — гэта самая павольная мяжа, і за суткі праязджае там каля 200 машын. Калі вы бачыце інфармацыю, што ў пункце пропуску «Прывалка» няма машын да шлагбаўма (няма зоны чакання), то ўнутры мяжы можа быць каля 50 аўто і праходжанне зойме мінімум шэсць гадзін. Праходжанне з чаргой да шлагбаўма займае ад 10 гадзін да 18 гадзін.

Пры вяртанні дадому праз пункт «Райгардас» утвараецца адна чарга да шлагбаўма, але ў асноўным усе стаяць на чырвоны канал у літоўцаў для афармлення TAX-FREE, таму калі вам на зялёны, то часта дазваляюць праязджаць без чаргі і праходжанне займае да гадзіны.

Нядзеля па-ранейшаму самы загружаны дзень для выезду з Беларусі, і мы чакаем, што сітуацыя па нядзелях будзе толькі пагаршацца, бо колькасць веласіпедыстаў будзе расці.

Калі лепш за ўсё вяртацца ў Беларусь

Напрыклад, каб хутчэй вярнуцца ў Беларусь, на мяжу трэба прыязджаць раніцай да гадзін 10-11 па беларускім часе (улічваем пераход гадзіннікаў на летні час).

Пятніца — адзін з самых загружаных дзён для вяртання ў Беларусь. З 7 раніцы пятніцы да 7 раніцы суботы вяртаецца каля 800 аўто і каля 80 аўтобусаў.

Для выезду з Беларусі лепш за ўсё выбіраць суботу ў пасляабедзенны час. Рэкамендуем перад выездам чытаць Telegram— чат і паведамленні карыстальнікаў аб актуальнай сітуацыі на пераходах.

Чытайце таксама:
Як змяніліся цэны на шоп-туры ў Беласток і колькі цяпер стаяць на мяжы
Да чаго прывядзе закрыццё «Баброўнікаў»
Польшча закрывае пункт пропуску «Баброўнікі» «з меркаванняў нацыянальнай бяспекі»

Nashaniva.com