Па ТБ расказалі падрабязнасці, як кадэбісты нібыта бралі «Ламакіна»

Тэлеканал АНТ у вячэрнім эфіры выклаў больш падрабязную афіцыйную версію таго, што адбывалася ў гродзенскай кватэры на Курчатава, 5, калі там нібыта бралі «тэрарыста» «Аляксея Ламакіна». Змест сюжэту пераказала выданне «Зеркало».

21.03.2023 / 22:51

Скрыншот відэа КДБ

Паводле звестак прапагандыстаў, у Беларусь «Ламакіна» нібыта закінулі з Польшчы. Спачатку з 24 па 28 лютага ён жыў у Магілёве, 1 сакавіка накіраваўся ў Мінск, а пасля перабраўся ў Гродна, зняўшы кватэру на вуліцы Курчатава.

«Іншаземец» грыміраваўся, але вельмі няўмела, усё было вельмі ненатуральнае, што заўважалі нават таксісты, «якія, у тым ліку, дастаўлялі яму алкаголь». Нібыта ён не толькі піў сам, але і шукаў кампаніі з выпадковых людзей.

А паміж тым ён нібыта рыхтаваў тэракт: «15 сакавіка купіў бесправадны дзвярны замак, далёкасцю дзеяння 100 метраў. Яшчэ адзін — электрычны — узяў з 5-метровым провадам у будаўнічым. Для дыстанцыйнага падрыву. На металапракаце купіў кавалкамі 12 метраў арматуры. Элементы для паражэння — разлік на максімальную колькасць ахвяр. І ключавое — выбухоўка, боепрыпасы, зброя — чакалі ў схованках».

18 сакавіка Аляксей Ламакін нібыта накіраваўся ў бок адной са схованак са зброяй на 38-ы кіламетр трасы Гродна — Астрына. Там нібыта была схаваная сумка з аўтаматам Калашнікава, патронамі да яго і баявымі гранатамі.

А далей, калі ён быў ужо са зброяй на кватэры, 19 сакавіка ў ягоныя дзверы пастукалі кадэбісты. АНТ апісвае храналогію таго, што нібыта адбывалася пазней:

«Уваход у кватэру тэрарыст забарыкадаваў, каб група «А» не змагла хутка зайсці — з разліку, што байцы будуць трапляць у прыцэл па адным. У дзвярным праёме ў пакоі справа абсталяваў агнявую кропку, схаваўшыся за мэбляй. Два стрэлы з аўтамата міма. Два — у шчыт. Камера злятае на падлогу. Байцы адыходзяць на бяспечную адлегласць. Да ўзброенага супраціву былі гатовыя. Байцы зазіраюць у кватэру з дапамогай тэлескапічнай камеры. За мэбляй у праходзе нічога не відаць. Тэрарыст хаваўся і рыхтаваўся сустракаць агнём. Другі заход. Два адзіночных, чарга і ручная граната наўздагон. Байцы вокамгненна рэагуюць і хаваюцца за шчыт. Аглушальны выбух. Усе цэлыя. Адыход. З адваротнага боку дома байцы страхавалі вокны, дык вось гэтыя самыя вокны вынесла выбухам. Агонь у адказ. Траплянне. Тэрарыст паранены. Аказанне першай дапамогі. Эвакуацыя. Злачынца паспрабавалі выратаваць. Хутка выносяць з хаты і грузяць у машыну. Але па шляху ў бальніцу стралок памёр. Ні байцы «Альфа», ні цывільныя не пацярпелі».

Жыллё ў Гомелі нібыта было знятае на тэрмін з 21 да 23 сакавіка, а пасля «Ламакін» планаваў бегчы ва Украіну.

Па факце падрыхтоўкі да здзяйснення акту тэрарызму КДБ распачаў крымінальную справу, следчыя ўжо дапыталі 14 чалавек, пяцёра змясцілі ў следчы ізалятар. Сярод арыштаваных уласніца кватэры, пенсіянерка Алена Касцевіч, а таксама яе сын Аляксандр, які займаўся пытаннямі арэнды.

«Падчас неадкладных следчых дзеянняў у кватэры, арандаванай «Ламакіным», выяўленыя і канфіскаваныя аўтамат АК-74, 2 падрыхтаваныя магазіны да яго, граната Ф1, 26 кавалкаў арматуры, радыёкіраваны дзвярны званок, пашпарт замежнага грамадзяніна з прыкметай падробкі і парык», — расказваў раней афіцыйны прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак.

Аб'яднанне «Байпол» назвала тое, што адбылося ў Гродне, інсцэніроўкай, пры якой ролю «Ламакіна» выконваў супрацоўнік віцебскага КДБ Аляксей Захараў.

Чытайце таксама:

«Байпол» лічыць падзеі ў Гродне інсцэніроўкай. І называе імя меркаванага «тэрарыста»

Затрымалі ўладальніка гродзенскай кватэры, у якой нібыта «ліквідавалі тэрарыста

У Гродне быў забіты чалавек з падробленым расійскім пашпартам — дзяржСМІ

«У чалавека вельмі дзіўны парык, ён кідаецца ў вочы» — Азараў пра гродзенскага «тэрарыста»

ДзяржСМІ паказалі падроблены пашпарт забітага ў Гродне. Распавядаем, каму ён належаў і як робяцца такія дакументы

Nashaniva.com