«Гэта ўсё няпраўда. Гэта ўсё напаказ». З сайта Крамля выдалілі фрагмент відэа з сустрэчы Пуціна з марыупальцамі

Прэс-служба Крамля перамантавала відэа з паездкі Пуціна ў акупаваны Марыупаль, заўважыў канал «Можем объяснить». З новага запісу знік фрагмент, на якім адна з мясцовых жыхарак крычала пра «паказуху».

21.03.2023 / 09:12

Пуцін прыехаў у акупаваны Марыупаль ноччу 19 сакавіка. Скрын відэа

Першапачатковае відэа, апублікаванае на сайце Крамля ў нядзелю, доўжылася 27 хвілін 8 секунд. Скандальны момант трапіў на 22:30. Адразу пасля размовы з віцэ-прэмʼерам Маратам Хуснуліным прэзідэнт Расіі падыходзіць да мясцовых жыхароў. Тыя не вераць прыезду Пуціна, адзін з іх кажа: «Я нават не чакаў». Пуцін адказвае: «Такая праца». І ў гэты момант невядомая жанчына крычыць: «Гэта ўсё няпраўда! Гэта ўсё напаказ!». Пасля гэтага Хуснулін пачынае збянтэжана ўсміхацца, а ахова Пуціна азіраецца па баках.

Новая версія відэазапісу доўжыцца 30 хвілін 52 секунды і значна перамантавана.

Выкрык невядомай жанчыны выдалены.

Пра паказуху жыхары Марыупаля пісалі і ў гарадскіх чатах. Паводле іх, Пуцін наведаў адзіны адбудаваны гарадскі мікрараён —«Неўскі». Гэта абурыла людзей. «Шкада, што ён да нашай хаты не падʼехаў, левы бераг, плошча! Без вокнаў, без дзвярэй, без гарачай вады і ацяплення. Пагаварыў бы з мясцовымі жыхарамі», — абураліся марыупальцы.

Чытайце таксама:

«Мы засталіся без нічога», але «дзякуй вам за перамогу», «гэта куточак раю». Як Пуцін сустрэўся з марыупальцамі ВІДЭА

«Гэта ўсё няпраўда! Гэта напаказ!» Нейкая жанчына выгукнула гэтыя словы падчас начной сустрэчы Пуціна з марыупальцамі

Nashaniva.com