«Ці Украіна абароніць сябе, ці мы будзем вымушаныя ўступіць у гэты канфлікт». Словы пасла Польшчы ў Францыі нарабілі шуму

Польскі пасол у Францыі Ян Эмерык Расцішэўскі заявіў, што ў выпадку паразы Украіны ў іх «не застанецца іншага выбару».

20.03.2023 / 00:18

Ян Эмерык Расцішэўскі. Фота: твітар пасольства Польшчы ў Францыі

«Гэта не НАТА, гэта не Польшча, гэта не Славакія павялічваюць ціск, гэта Расія, якая напала на Украіну, гэта Расія, якая захоплівае тэрыторыі, гэта Расія, якая забівае людзей, гэта Расія, якая выкрадае ўкраінскіх дзяцей.

Такім чынам, ці Украіна абароніць сябе, ці, калі не, мы будзем вымушаныя ўступіць у гэты канфлікт, таму што нашы галоўныя каштоўнасці, якія былі асновай нашай цывілізацыі, нашай культуры, будуць у небяспецы. Таму ў нас не застанецца іншага выбару, акрамя як уступіць у канфлікт»,

— сказаў пасол Польшчы ў Францыі Ян Эмерык Расцішэўскі ў эфіры канала LCI, піша Rzeczpospolita.

Пасля таго як словы дыпламата шырока разляцеліся, пасольства Польшчы ў Францыі папрасіла не шукаць сенсацый і ўлічваць кантэкт сказанага. Яно заўважыла, што ў інтэрв'ю Расцішэўскі аргументаваў неабходнасць падтрымкі Украіны і даводзіў пра пагрозу з боку Расія для Еўропы.

«Уважлівае праслухоўванне ўсёй размовы дае зразумець, што не было аб'явы аб прамым уцягванні Польшчы ў канфлікт, а толькі папярэджанне аб наступствах, якія можа мець параза Украіны — магчымасць нападу Расіі або ўцягвання ў вайну большай колькасці цэнтральнаеўрапейскіх краін — краін Балтыі і Польшчы», — сказана ў заяве пасольства.

Там падкрэслілі, што ў апошні год намаганні Польшчы скіраваныя на тое, каб дапамагчы Украіне перамагчы ў вайне і каб канфлікт не набліжаўся да Еўропы і Польшчы.

pic.twitter.com/9FFzGqlTx5

— Ambassade de Pologne (@PLenFrance) March 19, 2023

Чытайце таксама:

Анджэй Дуда: Польшча перадасць Украіне чатыры МіГ-29 цягам пары дзён

Азараў расказаў пра байцоў «Байпола», якія адправіліся ва Украіну

Nashaniva.com