Беларускія навукоўцы працуюць над робатам-даяркай

У Беларусі плануюць перайсці на лічбавае даенне кароў. Плануюць, што штучны інтэлект вырашыць і пытанне з кадрамі на фермах, паведамляе СТБ.

19.03.2023 / 19:05

Доследны ўзор робата-даяра збіраюцца паказаць у 2025 годзе. Скрыншот СТБ

Над інтэгральным рабатызаваным апаратам для даення кароў працуе 90-гадовы беларускі навуковец Уладзімір Перадня.

«Мы паставілі задачу зрабіць інтэлектуальную рабатызаваную ўстаноўку, якая дазваляе атрымаць высакаякаснае малако з нізкім коштам і доўгім даўгалеццем жывёл. Не 2,7, а хоць бы гадоў 7-8», — кажа навуковец, які працуе ў лабараторыі НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі.

Распрацоўшчык робата-даяра Уладзімір Перадня

Ён лічыць, што з дапамогай электроннай даяркі ў краіне ўдасца нарасціць пастаўкі малака. Пасля таго як жалезнай рукой робата абзавядуцца гаспадаркі, выключаны будзе і чалавечы фактар.

Робата-даяра будуць вырабляць на адным з прадпрыемстваў Мінска. Тэрмін акупнасці — да 10 гадоў. Новыя камп'ютарныя сістэмы для гаспадарак выгадныя і ў разы будуць таннейшыя за замежныя аналагі, абяцаюць навукоўцы.

«Гэтая распрацоўка ў нас пачалася ў канцы мінулага года. І выпрабаванні прыёмачныя запланаваны на пачатак 2025 года. Гэта значыць першы вопытны ўзор мы ўжо ў 2025 годзе ўбачым, і далей ён паступіць у серыю. Мы працуем сумесна з Інстытутам па жывёлагадоўлі, гэта значыць яны складаюць нам тэхналагічныя рэгламенты», — кажа Яўген Жыліч, загадчык лабараторыі НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі.

Чытайце таксама:

«Нам застанецца толькі прадаць дом і зʼехаць адсюль». Адкіды сталічнай каналізацыі сабраліся вазіць пад Маладзечна. Мясцовыя супраць

Nashaniva.com