«Важна, каб працэс быў запушчаны». Вячорка пра выдачу ордара на арышт Лукашэнкі

Змест новай справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па сведчыць пра прызнанне на ўзроўні Арганізацыі прыкмет злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі.

18.03.2023 / 17:36

Такое меркаванне выказаў BPN старшы дарадца дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, паведамляе Радыё Свабода.

«Гэта значыць, ад расследавання і збору дадзеных можна пераходзіць да стварэння механізму прыцягнення да адказнасці, — сказаў ён. — Структуры ААН могуць на гэта паўплываць, гэта можа быць зроблена праз існуючыя міжнародныя суды, а можа б створаны новы механізм».

«У мінулым і пазамінулым годзе такіх доказаў і сведчанняў на афіцыйным узроўні ААН не было», — падкрэсліў палітык.

На яго думку, матэрыялы справаздачы таксама важныя ў кантэксце прынятага напярэдадні рашэння Міжнароднага крымінальнага суда аб выдачы ордару на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

Вячорка дапусціў, што падобныя дзеянні сімвалічныя, паколькі Расея не прызнае юрысдыкцыю гэтага суда, а Пуціна «наўрад ці могуць арыштаваць»: «Але таго самага мы павінны дабівацца да ўсіх злачынцаў, звязаных з катаваннямі на Акрэсціна, з масавым збіццём дэманстрантаў у 2020 годзе, і ў дачыненні да Лукашэнкі».

«Мы не гаворым, што гэта будзе сёння ці заўтра. Гэта ўсё зойме час, улічваючы ўсе асаблівасці міжнародных інстытутаў і іх бюракратыю. Але тут жа важна, каб быў запушчаны працэс», — дадаў ён.

Дэмсілы, паводле слоў старшага дарадцы Ціханоўскай, працуюць над стратэгіяй прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці — «каб паглядзець, якія мэханізмы рэлевантныя і могуць быць скарыстаныя, а якія не».

Сітуцыя ўскладняецца тым, што Мінск не ўступіў у шэраг міжнародных пагадненняў, якія прадугледжваюць магчымасць такой адказнасці, рэзюмаваў Вячорка.

У Беларусі назіраецца «непрымальная карціна беспакаранасці і амаль поўнага знішчэння грамадзянскай супольнасці і асноўных свабод», гаворыцца ў апублікаванай 17 сакавіка справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Фолькера Цюрка.

Даклад заснаваны на інтэрв'ю з 207 пацярпелымі ад дзеянняў сілавікоў і сведкамі, аналізе больш за 2,5 тыс. доказаў, у тым ліку фатаграфіі, відэа, медыцынскія і судовыя пратаколы і ахоплівае перыяд з 1 мая 2020 па 31 снежня 2022 года. Дакумент зʼяўляецца працягам раней апублікаванага даклада ААН, які ахоплівае падзеі выключна жніўня 2020 года ў Беларусі.

У дакладзе змяшчаецца заклік да дзяржаў-членаў ААН разгледзець пытанне аб прыцягненні да адказнасці праз нацыянальныя разборы на падставе агульнапрынятых прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Чытайце таксама:

У Міжнародным крымінальным судзе выдалі ордар на арышт Уладзіміра Пуціна

Nashaniva.com