На «Беларуськаліі» дзясяткамі скарачаюць работнікаў прадпрыемства

На найбуйнейшым у Беларусі калійным прадпрыемстве сталі частымі выпадкі схаваных скарачэнняў. Стала вядома аб дзясятках выпадках не працягу або скасавання кантрактаў з работнікамі рудаўпраўленняў прадпрыемства, піша salidarnast.info.

18.03.2023 / 09:40

На думку работнікаў, скарачэнні закранулі больш за ўсё руднікі, чым фабрыкі па ўзбагачэнні руды. Для таго каб не выклікаць абурэнне ў калектыве, кантракты не працягваюць выбарачна ў розных брыгадах.

— Многіх работнікаў звальняюць па выніках медкамісіі, якую яны не праходзяць і іх выводзяць з шахты. Калі раней ім прапаноўвалася працоўнае месца без шкодных фактараў, то зараз, наогул могуць нічога не прапанаваць, — распавядае работнік прадпрыемства.

Таксама шмат выпадкаў не падаўжэння кароткатэрміновых працоўных дамоваў, асабліва з былымі актывістамі незалежнага прафсаюза ці тымі, хто быў заўважаны ў пратэстах 2020 года. Раней у СМІ агучвалася інфармацыя, што КДБ і супрацоўнікамі Службы бяспекі прадпрыемства ў аддзелы кадраў былі перададзеныя спісы супрацоўнікаў калійнага прадпрыемства з якімі неабходна скасаваць працоўныя дамовы.

— Пра памеры звальненняў цяжка казаць, бо работнікі часта замоўчваюць факт звальненняў, але зараз вядома пра дзясяткі выпадкаў, — адзначыў наш суразмоўца.

Скарачэнне колькасці працоўнага калектыву прадпрыемства і вываду асобных цэхаў у аўтсорсінг праводзіцца на «Беларуськаліі» апошнія 6 гадоў.

Работнікі лічаць, што такім чынам за кошт зніжэння колькасці работнікаў брыгад і павелічэння інтэнсіўнасці працы для працоўных, адміністрацыя падвышае рэнтабельнасць прадпрыемства і пры неабходнасці будзе гатова прадаць яго. Да таго ж, на сітуацыю відавочна паўплывалі санкцыйныя абмежаванні па рэалізацыі прадукцыі прадпрыемства.

Калі раней работнікі аб'яднаныя ў незалежны прафсаюз маглі выстаўляць патрабаванні адміністрацыі, праз калектыўны дагавор уплываць на ўмовы працы і заработную плату. Тое сёння на прадпрыемстве дзейнічае адзін кішэнны прафсаюз, якім кіруе, фактычна прызначаны — былы намеснік гендырэктара Рыбак. Цяпер салігорскае прадпрыемства цалкам пад кантролем генеральнага дырэктара Івана Галаватага.

Чытайце таксама:

Еўрасаюз здыме санкцыі з беларускіх угнаенняў?

ААН і Бразілія праз Партугалію лабіруюць вывад Гуцэрыева і Галаватага з-пад санкцый

Nashaniva.com