«Не мае ніякага значэння для нас». МЗС Расіі адрэагаваў на ордар на арышт Пуціна

У Міжнародным крымінальным судзе выдалі ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. Ва Украіне і Расіі адрэагавалі на гэта рашэнне Міжнароднага крымінальнага суда.

17.03.2023 / 19:30

Уладзімір Пуцін падчас наведвання войска. Фота: Мінабароны РФ

Прэс-сакратарка міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава заявіла, што ордар на арышт Уладзіміра Пуціна «не мае ніякага значэння» для РФ.

«Расія не з'яўляецца ўдзельнікам Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда і абавязацельстваў па ім не нясе. З дадзеным органам Расія не супрацоўнічае, а магчымыя «рэцэпты» на арышт, якія сыходзяць з Міжнароднага суда, будуць для нас юрыдычна нікчэмнымі», — заявіла Захарава.

Генпракурор Украіны Андрэй Косцін назваў рашэнне Міжнароднага крымінальнага суда «гістарычным для Украіны».

«Ад сёння расійскі прэзідэнт мае афіцыйны статус падазраванага ва ўчыненні міжнароднага злачынства <…>. Гэта значыць, што за межамі Расіі Пуціна трэба арыштаваць і прыцягнуць да суда. І сусветныя лідары тры разы падумаюць, перш чым паціснуць яму руку ці сесці з ім за стол перамоваў. Свет атрымаў сігнал, што расійскі рэжым злачынны і яго кіраўніцтва і саюзнікі будуць прыцягнутыя да адказнасці. Гэта гістарычнае рашэнне для Украіны і ўсёй сістэмы міжнароднага права», — заявіў Косцін.

Nashaniva.com