У Літве хочуць прыпыніць прыём заяў на грамадзянства ад беларусаў і расіян

Прапанова такая зроблена ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, паведамляе «Дэлфі».

17.03.2023 / 19:08

Спыніць прыём заяў на грамадзянства і прыняцце рашэнняў па ім ад грамадзян Беларусі і Расіі прапанавалі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны. Прапанову зарэгістравалі члены Сейма, міністр унутраных спраў Агнэ Білатайце і старшыня Камітэта Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас.

Яны таксама прапануюць вызначыць выключэнні, гэта значыць не спыняць прыём заяў і прыняцце рашэнняў у выпадках, калі асоба сама адмаўляецца ад грамадзянства Літоўскай Рэспублікі або калі асоба атрымлівае грамадзянства іншай дзяржавы.

«Грамадзяне Расіі і Беларусі, якія ўжо пражываюць у Літве з часовым або пастаянным відам на жыхарства, маглі б працягваць жыць у Літве, але іх заявы аб прыманні ў грамадзянства не будуць прымацца і пытанні аб іх грамадзянстве не буду разглядацца, за выключэннем выпадкаў, калі асоба адмаўляецца ад грамадзянства Літоўскай Рэспублікі або калі набыла грамадзянства іншай дзяржавы», — кажуць ініцыятары прапановы

Прапанаваная дата ўступлення закона ў сілу — 15 красавіка бягучага года. Тэрмін дзеяння закона — адзін год з магчымасцю падаўжэння тэрміну дзеяння абмежавальных мер.

Чытайце таксама:

Ці можа Беларусь апынуцца за жалезнай заслонай?

Літва працягнула рэжым надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю

Літоўская разведка непакоіцца, што лукашысты могуць выкарыстаць у сваіх мэтах беларускую дыяспару

Nashaniva.com