Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай прысудзілі па 10 гадоў калоніі

Мінскі гарадскі суд 17 сакавіка агучыў вердыкт у справе палітзняволеных Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай. Як і запатрабаваў раней бок абвінавачвання, менеджарак асудзілі на 10 гадоў калоніі кожную.

17.03.2023 / 13:40

Крыху больш за месяц спатрэбілася абазнанай у палітычных працэсах суддзі Дзіне Кучук, каб агучыць рэзулятыўную частку рэзананснай справы. 6 сакавіка прадстаўнік пракуратуры папрасіў пакараць фігурантак 10 гадамі зняволення, на што сёння ў суддзі не знайшлося аніякіх пярэчанняў. 

Абвінавачаным дадзены час на магчымасць аспрэчання суровага прысуду, хоць, як паказвае практыка «правасуддзя па-беларуску», усе апеляцыі палітвязняў застаюцца без задавальнення або атрымліваюць мінімальныя касметычныя карэктывы.

Журналістка Валерыя Касцюгова і менеджарка публічнага адміністравання Таццяна Кузіна ўжо больш за паўтара года правялі ў СІЗА №1 Мінска на падставе трох крымінальных артыкулаў за «злачынствы супраць дзяржаўнага ладу». 

Да разгляду аб’яднанай справы Мінскі гарадскі суд прыступіў толькі 6 лютага 2023 года. Прычына надзвычайнай маруднасці на этапе следства традыцыйна не называецца.

Валерыю Касцюгову затрымалі ў Мінску разам з мужам-аналітыкам і бацькам-інвалідам 30 чэрвеня 2021 года супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі. У кватэры правялі ператрус, забралі носьбіты інфармацыі.

Мужчын пасля допыту адпусцілі, а журналістку выправілі ў ізалятар на Акрэсціна. Неўзабаве яна апынулася ў сталічным СІЗА №1, дзе стала падазраванай па шэрагу крымінальных артыкулаў:

— арт. 357, ч. 1 (змова ці ішыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады),

— арт. 361-1, ч. 3 (заклікі да дзеянняў абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы),

— арт. 130, ч. 3 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці).

Таццяну Кузіну сілавікі затрымалі на суткі раней, у ноч на 29 чэрвеня, у мінскім аэрапорце, калі тая збіралася адляцець у Грузію. Яна сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта Bipart. Абвінавачанні супраць яе ідэнтычныя тым, што і ў Валерыі Касцюговай. 

Абедзьвюх экспертак праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі і патрабуе спыніць пераслед за грамадзянскую пазіцыю. 

Nashaniva.com