Рэдактару «Інфа-Кур'ера» і яго намесніку далі 15 сутак 

Сёння завяршыўся суд над галоўным рэдактарам і ўладальнікам слуцкай незалежнай газеты «Інфа-Кур'ер» Сяргеем Станкевічам і яго намеснікам Алегам Рубчэнем. Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, медыйшчыкам прызначылі па 15 сутак кожнаму за непадпарадканне пры затрыманні.

17.03.2023 / 13:27

Як паведамілі БАЖ, суд праходзіў у слуцкім РАУС. Родных і калег на паседжанне не пусцілі. У зале прысутнічала толькі адвакат.

Віну затрыманыя не прызналі.

Нагадаем, 15 сакавіка сілавікі правялі ператрус у рэдакцыі «Інфа-Кур’ера», забралі ўсю асноўную тэхніку, а з прысутных узялі падпіску аб неразгалошванні. На наступны дзень наклад газеты адмаўляліся прымаць крамы «Белсаюздруку». Галоўны рэдактар і ўладальнік газеты Сяргей Станкевіч, а таксама яго намеснік Алег Рубчэня былі змешчаныя ў мясцовы ІЧУ.

Сёння рэдакцыя паведаміла, што нумар газеты«Інфа-Кур’ер» ад 16 сакавіка цяпер зноў можа набыць у шапіках «Белсаюздруку».

Nashaniva.com