«Абставіны не дазваляюць прыняць іншае рашэнне». Германія адмовілася прымаць спаборніцтва з-за допуску да яго расіянак і беларусак
Германія адмовілася прымаць этап жаночага Кубка свету па фехтаванні з-за допуску да спаборніцтваў спартсменаў з Беларусі і Расіі. Прэзідыум Федэрацыі фехтавання Германіі (DFB) праінфармаваў пра гэта Сусветную федэрацыю фехтавання (FIE).
16.03.2023 / 21:34
Фота ілюстрацыйнае
Этап Кубка свету па фехтаванні на рапірах сярод жанчын павінен быў прайсці ў маі ў горадзе Таўбербішафсхайм. Але не пройдзе.
«Дыскусіі апошніх некалькіх дзён пасля пастановы Кангрэса FIE зноў дазволіць удзел Расіі і Беларусі выклікалі гарачыя дыскусіі як унутры краіны, так і за яе межамі», — патлумачыла кіраўніца Федэрацыі фехтавання Германіі Клаўдыя Бокель.
«Мы хочам паслаць выразны сігнал, што мы аддалі б перавагу іншаму выніку і што мы ўсё яшчэ бачым вялікую колькасць адкрытых пытанняў па рэалізацыі, таксама з боку сусветнай федэрацыі, якія робяць немагчымым правядзенне турніру… Як бы нам ні хацелася прадставіць нашых найлепшых спартсменак нямецкай публіцы і даць ім магчымасць выкарыстоўваць хатнюю перавагу на шляху да Алімпійскіх гульняў у Парыжы, абставіны не дазваляюць прыняць іншае рашэнне».
10 сакавіка на пазачарговым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі фехтавання было прынята рашэнне дазволіць спартсменам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай федэрацыі. За рашэнне прагаласавалі 89 чалавек, супраць — 46.
У Міжнароднай федэрацыі фехтавання традыцыйна моцныя расійскія ўплывы, шмат гадоў яе ўзначальваў вядомы расійскі алігарх Алішэр Усманаў.
Чытайце таксама:
Вялікабрытанія поўная рашучасці не дапусціць удзелу беларускіх і расійскіх спартсменаў у Алімпіядзе
Міжнародная федэрацыя фехтавання ўхваліла вяртанне спартсменаў з Беларусі да ўдзелу ў спаборніцтвах