Ва Украіне асудзілі беларуса-вагнераўца. Ён пайшоў на пагадненне аб прызнанні віны і пазбег максімальнага тэрміну

Беларус ваяваў пад пазыўным «Заспа».

16.03.2023 / 16:39

Скрыншот відэазапісу t.me/operativnoZSU

Адзін з судоў Данецкай вобласьці Украіны асудзіў узятага ў украінскі палон грамадзяніна Беларусі Андрэя Герыловіча, якія ваяваў у складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», на 9 гадоў пазбаўленьня волі, паведамляе Радыё Свабода.

Тэрмін адбываньня пакараньня будзе адлічвацца з 13 лютага 2023 году.

Андрэя Герыловіча асудзілі паводле ч.4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, які прадугледжвае пакараньне за ўдзел у якасьці найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях, у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.

Перад вынясеньнем выраку Герыловіч добраахвотна падпісаў са сьледзтвам пагадненьне аб прызнаньні сваёй віны, што дазволіла яму пазьбегнуць максымальнага пакараньня. У той жа час, у выпадку, калі грамадзянін Беларусі парушыць гэтае пагадненьне, суд можа скасаваць абвешчаны вырак і вынесьці новы.

У час судовага разгляду справы беларус меў свайго адваката і перакладчыка з украінскай на расейскую мову.

У выраку адзначаецца, што Андрэй Герыловіч трапіў ва ўкраінскі палон 16 лістапада 2022 году непадалёк ад пасёлка Курдзюмаўка Бахмуцкага раёну Данецкай вобласьці.

Сёлета ў студзені паводле гэтага ж артыкулу асудзілі яшчэ аднаго беларуса, Максіма Зязюльчыка. Ён атрымаў максымальны тэрмін 10 гадоў.

Што вядома пра Герыловіча

У матэрыялах справы Андрэя Герыловіча адзначалася, што ён 10 ліпеня 2022 году прыехаў на цягніку з Гомля ў Краснадар, а адтуль на таксі дабраўся да вёскі Молькіна, дзе знаходзіцца адзін з самых вялікіх вайсковых палігонаў у Краснадарскім краі. Менавіта там нібыта знаходзіцца трэнавальны лягер і месца прыёму новых байцоў у прыватную вайсковую кампанію (ПВК) «Вагнэр».

У той жа дзень беларус падпісаў кантракт з ПВК «Вагнэр», паводле якога яму абяцалі заробак 240 тысяч расейскіх рублёў на месяц і дадаткова 5 тысяч «палявых выплат».

Празь 10 дзён навучаньня на палігоне Андрэя Герыловіча разам зь іншымі вагнэраўцамі перакінулі ў Сьветладарск Бахмуцкага раёну Данецкай вобласьці. Паводле ўкраінскага сьледзтва, з 21 ліпеня ён удзельнічаў у баях каля Сямігор’я, Кодэма і Атрадаўкі ў Данецкай вобласьці, а 16 лістапада яго ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы.

Беларус ваяваў пад пазыўным «Заспа», які ўзяў ад назвы вёскі Рэчыцкага раёну, непадалёк ад якой ён нарадзіўся.

Раней Беларускі расьсьледніцкі цэнтар паведамляў, што Герыловіч нарадзіўся ў Заспе, аднак у матэрыялах крымінальнай справы пазначалася, што ён зьяўляецца ўраджэнцам вёскі Гарошкаў, якая тэрытарыяльна адносіцца да Засьпенскага сельсавету Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці.

Паводле расьсьледніцкага цэнтра, пасьля школы Андрэй Герыловіч працаваў у калгасе, а потым служыў прапаршчыкам у брыгадзе сувязі вайсковай часткі 68473 у Калодзішчах. Пасьля службы працаваў альпіністам-мантажнікам у прыватнай кампаніі.

У часе дасудовых сьледчых дзеяньняў, як паведамляла Служба бясьпекі Ўкраіны, Андрэй Герыловіч даў сьведчаньні аб ваенных злачынствах расейскіх войскаў і ваенізаваных груповак, перадаў устаноўчыя зьвесткі асобаў, датычных да іх, а таксама расказаў пра катаваньні, пазбаўленьне грашовага забесьпячэньня і забойствы за невыкананьне злачынных загадаў.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Nashaniva.com