Наталля Талочка. Кранай усё, кранай, кранай, кранай… Верш

Ад Рэдактара. На цемру, якая агарнула родны край, людзі рэагуюць па-рознаму. Мяркуючы па рэдакцыйнай пошце, многія, хто раней рэдка пісаў, сталі пісаць — паведамленні, успаміны, назіранні, а нехта і вершы. І ў гэтай паэзіі цёмных дзён я адчуваю выразныя матывы з паэзіі «першага нашаніўскага перыяду», пачатку ХХ стагоддзя. Некалькі такіх вершаў мы апублікуем гэтымі днямі. З часам гэтыя псеўданімы раскрыюцца.

17.03.2023 / 21:41

Вясна, не стукай у дзверы — адчыняй.
І ўваходзь ужо па звычцы даўняй.
Кранай усё, кранай, кранай, кранай
Сакавіком, красавіком і траўнем.

Зімовае зняпраўдзі насланнё,
Пакінь у слядах сваіх пяшчотных кветкі,
Тапі ільды і першай цеплынёй
ты прытулі, вясна, маю планету.

Ці хоць палову ад яе, хоць чвэрць, —
Блакітнай, непадробнай, непаўторнай.
Каб трохі ўтульней ёй было ляцець,
Вальсуючы, у сістэме нашай зорнай.

Адхукай свет і душы расшпілі,
Паварушы і пабудзі жывое, 
Засмяглае — даверху наталі,
Пераканай нясмелае сабою.

Праз шчыліну праточыцца вясна,
Паміж аблокаў промнямі ўліецца.
Непаслухмяная і шчырая, яна
Скудлаціць свет і замілуе сэрца.

Nashaniva.com